“Ад-/На-/Раджэнне «Лоеўскай Батлейкі»”. Выставачны праект


Дзяржаўная ўстанова культуры “Музей бітвы за Днепр” у рамках рэалізацыі навукова-даследчага і адукацыйна-асветніцкага праекта “Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны” прэзентуе навукова-папулярызацыйны даследча-выставачны праект “Ад-/На-/Раджэнне «Лоеўскай Батлейкі»”.

Батлеечны тэатр на Беларусі вядомы з даўніх часоў. У любы час году на кірмашах і рынках можна было спаткаць акцёраў са скрыняй-тэатрам.

Скрыняй, у якой хаваўся цэлы свет…

Аднымі з самых распаўсюджаных і, вядома ж, папулярнымі, былі калядныя імпрэзы, калі кароткімі інтэрмедыямі і цэлымі п’есамі распавядалі вандроўныя акцёры пра Бэтлеемскі цуд. Адсюль, дарэчы, і пайшла сама назва “Батлейка” — у далёкім габрэйскім Бэтлееме, які цяпер у нас часцей сталі называць Віфлеемам, калісь даўно і здарыўся той самы Бэтлеемскі цуд — нараджэнне Езуса, — пра які і распавядае адна з самых распаўсюджаных і ўлюбёных палешукамі п’еса “Цар Ірад”.

Можна смела сцвярджаць, што батлейку паказвалі ў Лоеве на шматлікіх кірмашах, а яны ж у нас праходзілі па 10 разоў на год. Дужа ж любілі, дый дагэтуль любяць лаеўцы такія забавы…

У нас у Лоеве батлейка адроджаная намаганнямі рупліўцаў гэтай справы — з 2018 году яны жыве ў нашым Музеі, вандруе па мястэчку, дэманструючы кароткія п’ескі ў нас, а часта і ў бібліятэцы.

Гэта стала магчыма дзякуючы падтрымцы ГА “Беларускі зялёны крыж” у рамках рэалізацыі праекта “Ад партнёрства мясцовых музеяў да шырокага транспамежнага супрацоўніцтва” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскай уніі ў рамках праграмы тэрытарыяльнага супрацоўніцтва краін Усходняга партнёрства ЕаРТС Беларусь – Украіна. Больш пра праект можна даведацца тут і тут.

А тут — можна паглядзець цэлы мультыплікацыйны фільм пра Лоеўскую Батлейку.

 

Пра тое, як адраджалася Лоеўская батлейка, як яна наноў нараджалася, дый пра сам паляшуцкі батлеечны тэатр, і нават пра батлейкі Беларусі і суседняй Украіны можна даведацца, наведаўшы выставу “Ад-/На-/Раджэнне «Лоеўскай Батлейкі»”.

А калі пашчасціць, то і паглядзець спектакль “Цар Ірад”…

 

Час правядзення: з 22 снежня 2019 па 2 лютага 2020.

Месца правядзення: выставачная зала Музея Бітвы за Днепр.

 

Замовіць экскурсію па выставе і дамовіцца на прагляд батлеечнага спектаклю можна па тэл.: +375–2347–40673.

Больш інфармацыі пра работу музея і кантакты на нашым сайце http://loyev.museum.by/

253