У прадчуванні цуда


Каляды і Новы год – чароўны і захапляльны час у нашым жыцці. Дзеці і дарослыя чакаюць сюрпрызаў, падарункаў і, вядома, цудаў. Выстава жывапісу Таццяны Грыневіч і Ірыны Ясюкайць-Дударавай дапаможа нам адчуць радасць і паверыць, што цуд абавязкова адбудзецца. Кожная карціна – гэта маленькі свет, у якім можна па-новаму ўбачыць звыклыя для нашага жыцця прадметы і вобразы, пачуцці, перажыванні, фантазіі, сны, мары. Мяккія, лёгкія, крохкія, пяшчотныя.
Па словах Ірыны, выстава праходзіць ў калядны час, калі само паветра насычана нечым казачным, тым, што родам з дзяцінства. Час, калі звычайныя рэчы напаўняюцца сакрэтным жыццём. Мастацтва нібы чароўнае шкло, праз якое чалавек можа ўбачыць у звычайным нешта большае. Яе працы — пра сузіранне, цішыню, пра асабістае перажыванне прыгажосці, пра важнасць пражывання моманта зараз, пра звычайныя на першы погляд рэчы, якія напаўняюць наша жыццё. Яны накладаюцца на тое, што мы носім ў сабе. Працы рэалістычныя, але часам у іх дадаецца фантастычнае, як два паралельных сусветы, якія праяўляюцца праз вобразы і дапаўняюць адзін аднаго.
Як заўважае Таццяна, яна распавядае гісторыі з крыху фантастычным сюжэтам. Мастачцы важна, каб чалавек, разглядаючы яе карціны, захацеў убачыць у іх сэнс па-свойму, каб, магчыма, у чарадзе звыклых падзей і падобных адзін да аднаго дзён, ён спыніўся і пачаў фантазіраваць на тую ці іншую тэму. Куды плыве вялізная рыба, што думае чалавек у парку, аб чым маўчаць птушкі? Жыццё разнастайнае і многае залежыць ад таго, якімі фарбамі мы размалёўваем сваю рэчаіснасць. Хай яркія, напоўненыя святлом, колеры маіх палотнаў, натхняць гледача, і ён адчуе радасць і набліжэнне цуда.
Мастацкія работы Ірыны Ясюкайць-Дударавай і Таццяны Грыневіч знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь і ў прыватных калекцыях Беларусі, Польшчы, Літвы, Латвіі, Расіі, Францыі, Італіі, Германіі, ЗША, Кітая і Аўстраліі.

246