Выстава «Альбэрабэла» Міма дэ Фелічэ


З 11 верасня Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь запрашае на выставу італьянскага мастака Міма дэ Фелічэ «Альбэрабэла».

Гарадок Альбэрабэла, што на самым поўдні Італіі, вядомы далёка за межамі краіны. Нідзе ў свеце дамы не будаваліся так, як прыдумалі рабіць гэта ў Альбэрабэла. Без цэменту і без адзінага цвіка - гісторыя труляў (з італьянскай «купал») пачалася ў XVI стагоддзі. Каб заснаваць на гэтым месцы паселішча, уладальнік тутэйшых земляў быў змушаны сплочваць падатак неапалітанскаму каралю. Каб не рабіць гэтага, было знойдзена нечаканае выйсце - сяляне складвалі дахі сваіх дамоў з кавалкаў вапняку без аніякага змацавальнага раствору, а ў падмурак закладалі адмысловы камень. Дастаткова было яго дастаць - і трулі ператвараліся ў кучу камянёў, з якой, вядома, падатак не возьмеш. Тым, хто пры’язджаў ад караля па падатак, няма чаго было тут рабіць - кажуць, ад паселішча магло нічога не застацца за палову гадзіны. У Альбэрабэла захавалася пэўная колькасць труляў, а ў 1996 годзе яны былі ўключаныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Мастаку Міма дэ Фелічэ, прозвішча якога перакладаецца з італьянскай не іначай як «шчаслівы», пашчасціла ўсё жыццё правесці ў гэтым надзвычайным горадзе, які нават падчас страшэннай пандэміі каранавірусу ў Італіі ў 2020 годзе цудоўным чынам застаўся не закранутым гэтай хваробай.

Міма дэ Фелічэ наўмысна не прадае свае карціны за межы Альбэрабэла, ён - «мастак аднаго горада». Героі яго карцін - сучасныя жыхары Альбэрабэла за працай ці падчас адпачынку, турысты і, вядома, трулі. Руціннае жыццё ў амаль сюррэалістычным месцы, шчыльна застаўленым белымі пабудовамі з конусападобнымі дахамі, што месцяцца тут стагоддзямі, хаця пабудаваны адмыслова, каб іх можна было разбурыць. Людзі дагэтуль жывуць у гэтых дамах - крохкіх і адначасова вечных. Зрэшты, у чалавека такія ж няпростыя адносіны з вечнасцю, як і ў труляў.

Выстава ў Мінску прымеркавана да 70-годдзя італьянскага мастака.

«Альбэрабэла» Міма дэ Фелічэ можна ўбачыць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на вул. Някрасава, 3 да 11 кастрычніка.

НЦСМ на вул. Някрасава, 3
Кошт квіткоў: 5 р. / 2 р. (агульны квіток на выставы, якія праходзяць у гэты час у НЦСМ на вул. Някрасава, 3)
Час працы: серада-нядзеля з 12:00 да 20:00
Выхадныя: панядзелак, аўторак
Каса: +375 (17) 281-74-79
Інфармацыя, запіс на экскурсіі:
+375 (17) 399-09-79, +375 (17) 235-03-32

226