Монаспектаклі Івана Кірчука "Дарожка мая..." і "Калядныя ігрышчы"


На Новы год і Калядныя святкі музей «Лошыцкая сядзіба» запрашае наведаць монаспектаклі «Дарожка мая…» і «Калядныя ігрышчы». Прадстаўленні адбудуцца на выстаўцы «Скарбонка памяці», дзе экспануюцца прадметы народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Аўтар і выканаўца – Іван Кірчук, заснавальнік этна-трыа «Троіца», кіраўнік «Этналабараторыі», уладальнік унікальнай калекцыі этнічных музычных інструментаў з розных краін свету.

Аўтарам на матэрыялах беларускага фальклору падрыхтаваны праграмы для дарослых «Дарожка мая…», а для дзяцей – «Калядныя ігрышчы». Монаспектаклі Івана Кірчука – гэта сінтэз духоўнай і матэрыяльнай, абрадавай і магічнай, музычнай і песеннай спадчыны беларускага народа, назапашанай за 30 год творчай дзейнасці. Вы ўбачыце струнныя, ударныя і духавыя інструменты: беларускія смык і ліру, сібірскія гуслі і металічныя пласціны Сціва Хаббэка, чаны з Тыбету і Непала, разнастайныя дудкі, жалейкі, акарыны, маладзечанскі касцельны звон. Пачуеце музычны строй такіх побытавых рэчаў, як чыгункі і падковы. Нават простыя камяні і капыткі коз будуць размаўляць з вамі на даступнай мове гукаў.
У монаспектаклі для дарослых «Дарожка мая…» аўтар звернецца і данясе першародны, чысты, сапраўдны фальклор, яго багацце і мудрасць. Імправізацыйна прагучаць каля 20 беларускіх народных песень. Разам з Іванам Кірчуком Вы пройдзеце каляндарны шлях жыцця чалавека, станеце ўдзельнікамі тэатралізаванай рэканструкцыі даўніх абрадаў і свят, пабачыце рытуалы ўсхвалення Вады, Агню і Зямлі. І – самае галоўнае – вы зможаце аддзячыць сваім Продкам.
Монаспектакль для дзяцей «Калядныя ігрышчы» раскажа пра традыцыі і абрады перадкаляднага перыяду. Калядныя песні, жартоўныя мініяцюры з маскамі тэатра лялек «Батлейка», варажба – усё гэта чакае маленькіх гасцей мерапрыемства.
У чароўныя калядныя і навагоднія святы запрашаем Вас далучыцца да духоўнай спадчыны ў выкананні аднаго з самых вядомых захавальнікаў песеннай культуры беларусаў Івана Кірчука.

02, 07, 08, 09, 16 студзеня:
15.00 «Калядныя ігрышчы» (для дзяцей)
17.30 «Дарожка мая…» (для дарослых)

Уваходны квіток:
12 руб. – дарослыя
8 руб. – студэнты
6 руб. – навучэнцы

Музей «Лошыцкая сядзіба»
праезд Чыжэўскіх, д. 8-2
тэрыторыя Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса
(017) 285 18 86
minskmuseum.by

146