“Узбраенне на беларускіх землях ад ранняга Сярэднявечча да Новага часу. Гістарычная рэканструкцыя”


Ваенна-гістарычная рэканструкцыя выклікае цікавасць у шматлікіх людзей:яна папулярная не толькі сярод аматараў гісторыі, але і тых, каго прывабліваюць яркія відовішча. Штогод летнія ваенна-гістарычныя фестывалі збіраюць на сваіх пляцоўках мноства наведвальнікаў. Тым не менш гэта не заўсёды дае магчымасць разгледзець рыштунак энтузіястаў, аднаўляючых гістарычныя эпохі, і ацаніць іх майстэрства. Выстава ў музеі з’яўляецца своеасаблівым бэкстэйджэм рэканструкцыі, яна дазваляе дэталёва разгледзець даспехі, а таксама пазнаёміцца з кавальскай справай. Адзначаны выставачны праект не столькі пра зброю і рыцарскія даспехі, колькі пра любоў да гісторыі і яе ўвасабленне.
Усе даспехі, якія прадстаўлены на выставе, выраблены па гістарычных узорах і здольны ажыццяўляць сваю функцыю – абараняць уладальніка. Важнымі штрыхамі экспазіцыі таксама стануць дакладна рэканструяваныя макеты ўзбраення, якія дапамогуць прасачыць за развіццём еўрапейскай ваеннай справы ў перыяд з XIVі да канца XVII стагоддзя. Наведвальнікі музея ўбачаць, як выглядалі рыцары Вялікага Княства Літоўскага падчас Грунвальдскай бітвы і даведаюцца аб тым, што́ абараняла ад ворагаў воінаў Анастасіі Слуцкай і крылатых гусараў Стэфана Баторыя.
Выставачны праект рэканструюе і працэс вырабу рыштунка. Кавадла, мяхі, кавальскі горан, абцугі, долата, молаты – усё гэта будзе аб’яднана ў стылізаванай «кавальскай майстэрні». Дадзеныя інструменты выраблены па аўтэнтычных крыніцах розных эпох, узнаўляючы эвалюцыю кавальскага рамяства на беларускіх землях. Частка даспехаў-экспанатаў была выраблена менавіта пры дапамозе названых інструментаў.
Экспанаты, прадстаўленыя на выставе, створаны рэканструктарам Юрыем Усціновічам і кавалём Дзмітрыем Андрэевым.

262