Габелены Ніны Пілюзінай

Габелены Ніны Пілюзінай

Экспазіцыя Мядзельская музея пачынаецца ад трох габеленаў, вытканых мастаком Нінай Пілюзінай на тэму нарачанскіх легенд.
Два крайніх габелена распавядаюць легенду пра возера Нарач.
Даўным-даўно, на тым месцы, дзе цяпер знаходзіцца возера Нарач, шумеў дрымучы лес. У гэтым лесе жыў ляснік са сваёй дачкой Галінай. Дзяўчына была вельмі прыгожая. Яна любіла простага вясковага хлопца Васілька, які ўмеў майстраваць розныя дзівосныя рэчы. Аднойчы Васілёк падарыў Галіне люстэрка і сказаў: «Беражы яго, яно пакажа табе твой лёс». І сапраўды, калі дзяўчына паглядзела ў люстэрка, яна ўбачыла возера, над якім лётала чайка, але тады яна не надала гэтаму значэння. Але аднойчы ў гэты лес на паляванне прыехаў багач, ён убачыў дзяўчыну і закахаўся, захацеў забраць яе да сябе ў палац. Але Галіна яму адмовіла. Тады магнат забіў бацьку дзяўчыны, спаліў іх хату і павёз Галю з сабой. Але дзяўчына спадзявалася, што яе ўратуе каханы. І сапраўды, ноччу Васілёк прабраўся ў палац, забіў памешчыка, але сам загінуў ад рук стражнікаў. Доўга чакала Галіна свайго каханага, аднак так і не дачакалася. Паглядзеўшы ў люстэрка, дзяўчына ўбачыла поле, па якім хадзіў конь, каля ног якога ляжаў забіты Васілёк. У роспачы дзяўчына выпусціла люстэрка з рук, і яно разбілася на некалькі кавалкаў. З самага вялікага ўтварылася возера Нарач, а з больш дробных - Мястра, Мядзел, Баторына, Белае. Сама ж дзяўчына ператварылася ў чайку, якая да гэтага часу лётае над возерам і шукае свайго каханага. Па матывах гэтай легенды беларускі паэт Максім Танк напісаў верш «Ля вогнішч начлежных», словы якога размешчаны ў экспазіцыі побач з габеленамі.
А сярэдні габелен распавядае легенду пра замак, які знаходзіўся на востраве возера Мястра. Замак быў пабудаваны ў 15 стагоддзі. Легенды звязваюць замак з каралевай Бонай Сфорцай, жонкай польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Старога. Паводле легенд, каралева Бона з'яўлялася ўладальніцай замка і пры дапамозе залатога ідала з ізумруднымі вачыма здзяйсняла вядзьмарства. Яна нават загаварыла Мядзел ад змей, за што Бону празвалі «каралевай змей». Таму на габелене Ніны Пілюзінай мы бачым выяву каралевы, каля ног якой паўзуць змеі.

Ніна Пілюзіна нарадзілася 25 жніўня 1944 года.
Дзіцячыя і юнацкія гады прайшлі ў вёсцы Доўгавічы Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці.
1959-1963 гг. - навучанне ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К.Глебава.
1963-1968 гг. - навучанне ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце.
3 1966 г. удзельніца мастацкіх выставак і міжнародных пленэраў у Беларусі, Бельгіі, Германіі, Іране, Латвіі, Літве, Польшчы, Расіі, Украіне.
3 1978 г. сябра Беларускага саюза мастакоў.
2005 г. – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь за цыкл габеленаў для Палаца Рэспублікі.
Творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, у фондах Беларускага саюза мастакоў, Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Цэнтры культуры мікрараёна Кунцаўшчына (Мінск), Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В.Масленікава, Музеі народнай славы (Мядзель), Баранавіцкім краязнаўчым музеі, у Музеі-запаведніку "Царыцына" (Масква), мастацкіх музеях Белгарада і Бранска (Расія), у Музеі незалежнасці Польшчы (Варшава), а таксама ў прыватных зборах і калекцыях у Беларусі, краінах СНД і Еўропы.
Працуе ў тэхніках габелена, батыка, акварэлі, тэмперы, гравюры.

856