Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Беларуская сатыра”


Запрашаем на часовую літаратурна-дакументальную экспазіцыю “Беларуская сатыра”, прымеркаваную да 125-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы і 80-годдзя часопіса “Вожык”.

Сярод шматлікіх відаў мастацтва сатырычная літаратура займае асобае месца. Дасціпны жарт, меткі верш, выкрывальны фельетон, востры подпіс пад малюнкам заўсёды выклікаюць у чытача вялікую цікавасць, да іх ён ніколі не застаецца абыякавым. Сатырычнае слова, прызначанае выкрываць і біць, заўсёды дасягае сваёй мэты.

Творчасць Кандрата Крапівы, з імем якога звязана фарміраванне сатырычнай плыні ў нацыянальнай літаратуры, непасрэдна і непарыўна звязана з часопісам “Вожык”. Ад пачатку існавання, з ліпеня 1941 г., ён – галоўны рэдактар агітплаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, а са снежня 1945 года – часопіса сатыры і гумару “Вожык”.

Сёння сатырычны часопіс “Вожык” уваходзіць у склад Выдавецкага дома “Звязда”, штомесячна выдаецца ў Мінску і сёлета святкуе сваё 80-годдзе. Ён застаецца старэйшым і адзіным у краіне дзяржаўным выданнем у галіне сатыры і гумару. Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз «Вожык». У часопісе друкаваліся, без перабольшання, усе беларускія класікі.

Экспазіцыя прадстаўляе партрэты, фатаграфіі і асабістыя рэчы Кандрата Крапівы, эпісталярыі, кнігі з аўтографамі, рукапісы і інш. А таксама розныя нумары часопіса сатыры і гумару “Вожык”. Дзякуючы вожыкаўскім карыкатурам можна знайсці адказы на многія пытанні, а таксама атрымаць вясёлы настрой і пазітыўны зарад.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13).
Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21 (017) 395-44-47.

549