Калектыўная выстава керамічнай скульптуры «TERRA COTTA»


16 лістапада 2022 года а 18-й гадзіне ў Арт-гасцёўні “Высокае мѣста” адбудзецца адкрыццё калектыўнай выставы керамічнай скульптуры “TERRA COTTA”. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт-22”.

Многія сучасныя беларускія скульптары выкарыстоўваюць кераміку для стварэння ўласных мастацкіх твораў. Можна сказаць, што з традыцыйных у гэтай галіне двух напрамкаў, першы з якіх – утылітарны, скульптары заўсёды выбіраюць другі – мастацкі. Яго адрознівае форма, пазбаўленая практычнага прымянення. Мяжа паміж творамі, якія ствараюцца серыйна, і аўтарскімі працамі ў гэтым кантэксце прынцыпова важная, бо падкрэслівае ўнікальнасць і значнасць апошніх.

Стварэнне твора скульптуры ў кераміцы для мастака заўсёды эксперымент – тут скульптар звычайна ступае на нязведаную тэрыторыю, дзе кіруюць тэхналогія і ўласцівыя прафесійнай керамічнай вытворчасці законы.

У стварэнні керамічнай скульптуры шмат тонкасцяў і правіл, у цэнтры якіх складаны і далікатны працэс – абпал твора. Адносна вялікія памеры ствараемых скульптур, неабходнасць часам дзяліць іх на састаўныя часткі з’яўляюцца выклікамі, якія правяраюць мастака на трываласць, правакуюць працаваць над больш складанымі задачамі. Не кажучы ўжо пра працу з колерам, складанасць якой у керамічнай вытворчасці абумоўлена немагчымасцю прадбачыць канчатковы вынік, які залежыць ад шматлікіх фактараў.

Скульптурны эксперымент часта ляжыць у вобласці змены шматлікіх тэхналагічных параметраў – увесь керамічны досвед разглядаецца па-іншаму, часта спрошчана, пры гэтым галоўным ставіцца вобразнасць і змест твора. З гэтай прычыны скульптары нярэдка звяртаюцца да так званых “халодных” тэхнік у працы з колерам.

Выстава керамічнай скульптуры “TERRA COTTA” засяроджвае ўвагу на творах прафесійных беларускіх скульптараў, якія ў асноўным працуюць з бронзай, каменем, дрэвам і іншымі традыцыйнымі скульптурнымі матэрыяламі. Экспазіцыя дае магчымасць убачыць, як у руках майстроў-скульптараў керамічная тэхналогія дапамагае раскрыць багацце сучаснай скульптурнай формы і зместу.

94