Персанальная выстава аўтарскага тэкстылю Маргарыты Леанідаўны Шчамялёвай «ЛІЧБЫ», прысвечаная юбілею мастака


З 11 лістапада 2022 года ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва працуе персанальная выстава аўтарскага тэкстылю Маргарыты Леанідаўны Шчамялёвай “ЛІЧБЫ”, прысвечаная юбілею мастака. Выстава падрыхтавана сумесна з Беларускім саюзам мастакоў у рамках V трыенале дэкаратыўнага мастацтва “Дэкарт-22”.

Так ці інакш, але ўсё круціцца вакол лічбаў: 1952, 2021, 70 – дзень народзінаў, страт, юбілей. Час заўсёды ідзе наперад, стрэлкі на гадзінніку не спыняюцца, планета круціцца, але памяць часта заводзіць у мінулае і застацца ў цяперашнім моманце, тут і зараз, бывае складана.

Выстава аўтарскага тэкстылю “ЛІЧБЫ” – гэта спроба мастака адрэфлексаваць адначасовую страту траіх блізкіх людзей, пражыць гэты цяжкі час, зафіксаваць моманты болю, радасці ад добрых успамінаў, страху перад жыццём без іх і ўсведамленнем таго, што трэба ісці далей не гледзячы на ўсё – працягнуць свой шлях. Кожная праца – эмацыянальны дзённік стану і шчырая падзяка самой сабе.

Ручное ткацтва – цяжкі медыум у фізічным сэнсе: канцэнтрацыя, шмат гадзін сыходзіць на тэхнічную працу, рукі так ці інакш пачынаюць стамляцца. Але ўсё гэта – сімбіёз фізічнага і духоўнага, які прыводзіць да катарсісу, пасля якога становіцца лягчэй і сэрца напаўняецца падзякай і любоўю да сябе і ўсяго вакол.

Шмат гадоў Маргарыта Шчамялёва працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў дацэнтам кафедры касцюма і тэкстылю. Займаецца мастацкім ткацтвам, працуе ва ўнікальнай і складанай тэхніцы ручнога перапляцення нітак на спецыяльнай драўлянай раме. За гады творчасці Маргарыта Леанідаўна стварыла дзясяткі яркіх, арыгінальных работ. Яе эстэтычныя прыхільнасці склаліся шмат у чым пад уплывам народнага мастака Беларусі Аляксандра Кішчанкі, аўтара “Габелена стагоддзя”, сябра бацькі – народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва. Але калі ў А. Кішчанкі габелен – манументальны твор, то М. Шчамялёва заўсёды імкнулася да малых выяўленчых формаў. Маргарыта Леанідаўна лічыць, што менавіта яны ствараюць атмасферу цяпла, дабра, радасці і тым самым фармуюць асяроддзе, якое нас выхоўвае.

На выставе аўтарскага тэкстылю “ЛІЧБЫ” прадстаўлена больш за 20 работ Маргарыты Шчамялёвай. Мастак шмат эксперыментуе з формай, колерам, фактурай, выкарыстоўвае розныя матэрыялы. Работы асацыятыўныя і заўжды эмацыянальныя, пачуццёвыя. Яркасць і каларыт работ аўтара вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

(017) 342 24 26;

minskmuseum.by

82