«Кафляныя скарбы Полацка». Выстаўка са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка


17 лютага 2023 г. у Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка пачне работу выстаўка «Кафляныя скарбы Полацка», падрыхтаваная супрацоўнікамі навукова-рэстаўрацыйнага аддзела музея-запаведніка сумесна з супрацоўнікамі галерэі.

Кафля – выдатны помнік матэрыяльнай культуры, які дазваляе прасачыць эвалюцыю аднаго з напрамкаў ганчарна-рамеснай справы старажытнага Полацка, дае магчымасць ацаніць творчы падыход мясцовых майстроў да выбару форм, сюжэтаў і арнаментацыі гэтых вырабаў.

Разнастайная па памерах, канструкцыі і дэкору кафля, з якой складалі і якой аздаблялі печы ў палацах, гарадскіх дамах і нават у сялянскіх хатах, дэманструе не толькі асаблівасці тэхналогіі вытворчасці, але і мастацкую стылістыку, густ і моду таго ці іншага гістарычнага перыяду.

На выстаўцы «Кафляныя скарбы Полацка» можна ўбачыць лепшыя ўзоры кафлі XIV – пачатку ХХ стагоддзяў са збору Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Увазе наведвальнікаў прадстаўлены новыя і рэдкія прадметы з калекцыі. Кафля, што экспануецца на выстаўцы, была выяўлена ў розныя гады падчас археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Полацка пад кіраўніцтвам вядомых навукоўцаў П. А. Рапапорта, С. В. Тарасава, Н. І. Здановіч, П. А. Русава, Д. У. Дука, а таксама ў выніку наглядаў супрацоўніка навукова-рэстаўрацыйнага аддзела музея-запаведніка А. А. Салаўёва.

Выстаўку можна наведаць з 10 да 17 гадзін штодня, акрамя панядзелка.

542