«Ген жыцця». Выстава, прысвечаная памяці мастака Васіля Шаранговіча


«Мастацтва ёсць ілюзія жыцця, перайначанага творцам, але хто ведае — можа, і само жыццё з’яўляецца ілюзіяй рэальнай рэчаіснасці. Мастацтва расквечвае быццё, упрыгожвае і робіць яго разнастайным, дае магчымасць зазірнуць углыб падсвядомасці і ўбачыць свет не толькі такім, які ён ёсць, але і такім, якім ён можа быць».
Васіль Шаранговіч

Васіль Пятровіч Шаранговіч

Васіль Пятровіч Шаранговіч

Імя Васіля Пятровіча Шаранговіча — гэта цэлая эпоха беларускага мастацтва, нават школа беларускай графікі.

У апошні дзень 2021 года супакоіўся Васіль Пятровіч на Алеі славы Усходніх могілак у Мінску. Ён пайшоў праз два дні пасля сваёй жонкі Галіны Андрэеўны, спадарожніцы ўсяго яго жыцця. Яны былі паасобку толькі пару дзён.

Васіль і Галіна Шаранговіч
Васіль і Галіна Шаранговіч
В. Шаранговіч з дачкой Наташай
В. Шаранговіч з дачкой Наташай

Прэ­зі­дэнт Рэспублікі Бе­ла­ру­сь Аляк­сандр Лу­ка­шэн­ка вы­ка­заў спа­чу­ван­ні род­ным і бліз­кім на­род­на­га мас­та­ка Бе­ла­ру­сі Ва­сі­ля Ша­ран­го­ві­ча. «Ён вы­ха­ваў не­ка­ль­кі па­ка­лен­няў та­ле­на­ві­тай мо­ла­дзі, знач­на ўзба­га­ціў ду­хоў­ную спад­чы­ну айчын­най ку­ль­ту­ры і ўнёс не­ацэн­ны ўклад у за­ха­ван­не і раз­віц­цё леп­шых тра­ды­цый на­цы­яна­ль­най шко­лы гра­фі­кі», — зазначыў кіраўнік дзяржавы, а так­са­ма пад­крэс­ліў, што твор­часць Ва­сі­ля Ша­ран­го­ві­ча, не­па­рыў­на звя­за­ная з вы­яўлен­чым мас­тац­твам, на­бы­ла ўсе­на­род­ную лю­боў і пры­знан­не: «Свет­лая па­мяць аб ім на­заў­сё­ды за­ха­ва­ецца ў на­шых сэр­цах».

Васіль Пятровіч Шаранговіч — знакаміты беларускі графік, педагог. Прафесар (1981). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1978). Заслужаны дзеяч культуры Польшчы (1986). Народны мастак Беларусі (1991).

На працягу 17 гадоў Васіль Пятровіч узначальваў кафедру графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, а потым 8 гадоў быў рэктарам гэтага інстытута (зараз — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Яго вучні сёння з’яўляюцца элітай беларускага мастацтва.

Наступным культурна-асветніцкім захапленнем В. Шаранговіча стала стварэнне Музея сучаснага выяўленчага мастацтва, дырэктарам якога ён быў 12 гадоў.

Нарадзіўся Васіль Шаранговіч 14 студзеня 1939 года ў вёсцы Качаны Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і. Яшчэ не споўнілася і двух гадоў будучаму мастаку, як пачалася Вялікая Айчынная вайна. Уражанні дзяцінства, цікаўнасць і цяга да малявання сталі асноўнымі напрамкамі ў пошуках жыццёвага шляху. Колеры беларускай прыроды і сутнасць беларускай літаратуры ў будучым стануць асновай яго творчасці. І не выпадкова па заканчэнні вучобы ў Бе­ла­рус­кім дзяр­жаў­ным тэ­атра­ль­на-мас­тац­кім інсты­ту­це дып­лом­най работай Ва­сі­ля Ша­ран­го­ві­ча ста­лі ілюс­тра­цыі да па­эмы Янкі Ку­па­лы (се­рыя лі­наг­ра­вю­р па­вод­ле па­эм «Кур­ган», «Бан­да­роў­на», «Ма­гі­ла льва»), якія былі адзначаны дып­ло­мам Ака­дэ­міі мас­тац­тваў СССР. Сёння гэ­тыя тво­ры з’яў­ля­юцца кла­сі­кай бе­ла­рус­кай гра­фі­кі.

Выстава памяці «Ген жыцця» Васіля Шаранговіча, якая будзе на працягу года экспанавацца ў пастаяннай экспазіцыі Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, знаёміць цікаўнага наведвальніка з творчай спадчынай мастака, а таксама з жыццёвай пазіцыяй чалавека, улюблёнага ў сваю радзіму і людзей Беларусі. Творчасць В. П. Шаранговіча адкрывае гледачу дзівосны, паэтычны свет беларускай прыроды, адухоўленую прыгажосць нацыянальнага характару. Галоўны змест творчасці мастака — маральныя пошукі, імкненне паказаць чалавека ў лепшых праявах яго духоўных якасцей. Вобразы знакамітых сучаснікаў, створаныя мастаком, увабралі ў сябе лепшыя рысы чалавека стваральнай працы і сталі класікай у айчынным выяўленчым мастацтве. Усё мастацтва В. П. Шаранговіча напоўнена высокай духоўнасцю і праўдзівай чалавечнасцю, што асабліва актуальна ў наш час.

Прапануем уступны тэкст дачкі мастака, мастацтвазнаўцы Наталлі Шаранговіч пад назвай «Сааўтар эпохі» да выдання альбома «Васіль Шаранговіч».

Народны мастак Беларусі Васіль Пятровіч Шаранговіч увайшоў у аналы мастацтва ХХ стагоддзя як выдатны майстар станковай і кніжнай графікі з адметным творчым почыркам. У графіцы яскрава выявілася яго асаблівае мастацкае мысленне, пачуццё лініі, формы. Несумненнай заслугай Васіля Шаранговіча з'яўляецца пераўвасабленне гравюры ў самастойную галіну нацыянальнай мастацкай культуры, стварэнне беларускай школы графікі.

Вывучаючы працы мастака розных гадоў, прадстаўленыя ў шматлікіх айчынных і замежных музеях, фондах, тыя, што захоўваюцца ў майстэрні, можна ў поўнай меры ацаніць моц не толькі яго таленту, але і асобы. Валявы, тэмпераментны, дзейны, ён напаўняў свае графічныя лісты энергіяй, якую чэрпаў з гісторыі і падзей сучаснай яму эпохі. Гэтая энергія, якая вырываецца з кожнага твора, зачароўвае і сёння. Нават так: сёння, як ніколі раней. Працуючы над падборам матэрыялаў для альбома, я не пераставала здзіўляцца: і гэта той хрэстаматыйны, «афіцыйны» народны мастак, якім усе прывыклі яго ўспрымаць?.. Араты, нястомны ў сваёй працаздольнасці, які ўпэўнена вядзе сваю лінію ў мастацтве. А можа, ён так да канца і не быў раскрыты гледачамі? Як экспрэсіяніст, нястрымана-эмацыйны па манеры, які імкнецца да вострых колеравых кантрастаў і рэзкіх зрушэнняў  прасторы, як чалавек тонкі і лёгка ранімы, не схільны да рамантычных слоў, але, па сутнасці, – рамантык, які мысліць вялікімі катэгорыямі і паняццямі і ў той жа час умее замыкацца ў самай камернай лірыцы? Бо праз эпічна шырокі круг сучасных тэм і вобразаў ён мог прыходзіць да засяроджанага ўсхваляванага асабістага перажывання і пачуцця. «Ісціны ў мастацтве самі па сабе не з'яўляюцца, яны спасцігаюцца ў рабоце» – гэта была яго ўнутраная пазіцыя, выпакутаваная і шчырая.

Паўнапраўны сааўтар эпохі, ён заўсёды быў на дзіва пільным і дакладным мастаком. Пры больш блізкім разглядзе яго працы набываюць зусім новае гучанне і паліфанічнасць, а кожны фрагмент можна разглядаць як самастойны твор, гэтак жа старанна прапрацаваны і кампазіцыйна бездакорны. Гэтае адчуванне хацелася данесці да чытача, прадстаўляючы ў альбоме невядомыя гледачу работы, эскізы і накіды, часопісныя і кніжныя ілюстрацыі цалкам, а таксама павялічанымі фрагментамі, прыцягваючы ўвагу да найбольш цікавых дэталяў, або, наадварот, паменшанымі, аддаляючы іх і форміруючы асаблівы напрамак погляду на працы мастака, выкарыстоўваючы магчымасці сучаснай паліграфіі, перадаць дух жывога твора.

Творчасць Васіля Шаранговіча фарміравалася ў 1970--1980-х гадах у перыяд пошуку дзейснай зваротнай сувязі мастацтва з соцыумам. Форматворчы патэнцыял жывапісу здаваўся недастатковым, і яго роля перайшла да відаў мастацтва, больш цесна звязаных з запытамі грамадства (графіка, плакат, фатаграфія, архітэктура, дызайн). Выпадкова выбраўшы графіку пры паступленні ў інстытут, Васіль Шаранговіч палюбіў яе пластычную мову за вастрыню перадачы вобразаў, магчымасць свабодна працаваць  з формай, лініяй, плямай, кампазіцыяй. Зрэдку, пазней ужо, ён вяртаўся да жывапісу, якім сур'ёзна займаўся яшчэ ў мастацкім вучылішчы, але і ў нешматлікіх жывапісных палотнах, якія не маюць прамых прататыпаў у яго графічных работах, не цяжка заўважыць рысы «графічнага мыслення», уплыву мастацкіх сродкаў і прыёмаў гэтага мастацтва на жывапіс. Гэта адчуваецца ў дакладнасці контураў, выразным падзеле фарбаў, кантрастах сілуэтаў фігур і фону, умоўнасці плоскай пабудовы прасторы, у яўнай графічнасці дэталяў.

У лінагравюрах і аўталітаграфіях, манатыпіях, акварэлях ён здолеў спалучыць высокую класічную традыцыю, характэрную для мастацтва таго часу, з метадамі авангарднага формаўтварэння. У праграмных графічных серыях, створаных паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, А. Міцкевіча, М. Багдановіча, выяўлялася мадэлюючая функцыя – абагульненае ўяўленне пра сучаснасць, стварэнне «карціны свету» – не толькі за кошт актуальнасці тэмы, але і з дапамогай новага бачання, вострых фармальных рашэнняў.

У станковых работах  Васіль Шаранговіч актыўна выкарыстоўваў такі элемент канструктывізму, як мантаж розных планаў (серыя «Памяці вогненных вёсак»), шырока ўжываў магчымасці новай мовы кінематографа і фатаграфіі: фіксацыю непастановачных пластычных станаў, эфект негатыву і «змазанай» формы (ілюстрацыі да паэмы А. Міцкевіча «Зямля навагрудская, краю мой родны», паэзіі М. Багдановіча, паэмы Я. Купалы «Курган»). Пры гэтым вялікую ролю мастак адводзіў кампазіцыі: нечаканай, пабудаванай на кантрастах, часам на няўстойлівай раўнавазе, «лунанні». Важнай асаблівасцю пластычнай сістэмы мастака стала эканомія выразных сродкаў пры канцэнтрацыі энергіі ўздзеяння на гледача.

Асаблівую ўвагу Васіль Пятровіч надаваў ўзаемадзеянню чалавека і прасторы. Калі выява чалавека ў яго адпавядае класічнай норме (авангард ствараў нанава аблічча чалавека), то адносіны плоскасці і прасторы больш свабодныя, пабудаваныя часцей за ўсё прыёмамі мантажу розных па маштабе планаў, што працягвае авангардную ідэю пераадолення гравітацыі ў кампазіцыі, канкрэтызуючы яе ў адпаведнасці з кожнай новай тэматыкай. Ён карыстаўся і лінейным, контурным малюнкам, то рабіў выяўленчую прастору пляскатай, з вывядзеннем персанажаў на «авансцэну» або нават акцэнтуючы іх рух наперад, на гледача, то накіраванай свабоднымі планамі ўглыбіню.

Новыя рашэнні формы, рэзкія, смелыя, экспрэсіўныя, былі характэрны яшчэ для студэнцкіх работ Васіля Шаранговіча. У інстытуце ён лічыўся «фармалістам», але пры гэтым быў выдатным малявальшчыкам, які бліскуча валодаў рознымі кампазіцыйнымі прыёмамі. Не выпадкова дыпломная серыя лінагравюр па матывах твораў Я. Купалы была пабудаваная на вобразах у дынаміцы прасторы, вырашанай рэзкімі кантрастамі напружаных ліній і планаў. Для гэтай серыі і ў цэлым для ранніх работ мастака характэрна збліжэнне лінагравюры з ксілаграфіяй: аўтар адмаўляецца ад тону, растушоўкі, працуе падкрэсленым супастаўленнем чорнага і белага, прыводзіць кампазіцыю ў тую рытмічную сістэму, штот адрознівала менавіта ксілаграфію. Непадатнасць і калянасць матэрыялу ствараюць дадатковую напружанасць вобразаў. Аўтар надае асаблівую ўвагу святлаценю, які стварае аб'ём, рэзка акрэсліваючы фігуры жорсткімі лініямі і выкарыстоўваючы гэта як мастацкі прыём. Увасабляючы сваю задуму, ён пераадольвае любыя цяжкасці выканання.

У аснове пластычнай мовы – лаканічная кампазіцыя, пазбаўленая шматслоўнасці, лакальны колер, лепка аб'ёмаў буйнымі штрыхамі, якая падкрэслівае іх амаль скульптурную манументальнасць, шчыльнасць і цэласнасць. У некаторых работах малады мастак па-майстэрску прымяняе прыёмы мантажу, суадносячы элементы блізкіх і больш далёкіх планаў на адной графічнай плоскасці. Так, у дыпломнай серыі смела сумяшчаюцца кантрастныя элементы: партрэт -- з па-майстэрску выразаным ажурам фону і грубым сілуэтным шрыфтам паэтычных радкоў, лінейная перспектыва раллі --з дынамічным, нават злавесным, кругавым рытмам чорных груганоў  і ўздыбленных аблокаў. Ужо тут закладзена «формула» творчасці будучага мастака: вострая дынаміка кампазіцыі, энергія кожнага малюнка, экспрэсіўная рытміка дэталяў. Адна з асаблівасцей  яго мастацкага стылю – уменне даводзіць пластычны вобраз да выразнасці знака, які  канцэнтруе важныя і прынцыповыя для мастака ідэі і здольны існаваць ужо не толькі ў кантэксце канкрэтнага твора, але і ў нейкім сэнсе здабывае самастойнае жыццё.

Студэнцкае захапленне фармальнымі рашэннямі наклала адбітак на ўсю наступную  творчасць Васіля Шаранговіча, якая балансавала паміж смелай абстрактнай канструкцыяй кампазіцыйнага мантажу і рэалістычнай фігуратыўнасцю сюжэта, паміж вострай графічнасцю танальна-лінейнага кантрасту і мяккасцю колеравага стану, паміж самакаштоўным станкавізмам і ансамблевай манументальнасцю. Атрымаўшы падчас вучобы грунтоўныя веды ў галіне формы і кампазіцыі, сур'ёзна  вывучыўшы спадчыну расійскіх канструктывістаў і іх савецкіх паслядоўнікаў, свабодную графічную мову вялікіх еўрапейскіх майстроў пачатку ХХ стагоддзя, малады мастак развіў у сабе крытычнае стаўленне да акадэмічных прынцыпаў малюнка, які быў пабудаваны на «аднавокім» успрыманні свету. Ён спрабаваў «суцэльна бачыць, суцэльна ўспрымаць, бачыць і адлюстроўваць рознапрасторавае і розначасовае», як пісаў У. Фаворскі, а значыць, мэтанакіравана дынамічна ставіцца да рэчаіснасці. На жаль, фонды інстытута і архівы самога аўтара не захавалі творы, выкананыя ім падчас вучобы, як, дарэчы, і  шматлікія накіды і эскізы позняга часу.

Мастак заўсёды быў вельмі самакрытычны да сябе падчас працы. Ён упарта шукаў дасканалую форму, якая б найбольш поўна раскрыла сэнс твора. Этапы ж яго пошукаў не менш цікавыя. Часта яны больш вольныя і экспрэсіўныя. У іх ён у поўнай меры выкарыстоўваў фармальныя падыходы, якімі захапляўся яшчэ ў інстытуце: «эксперыментаваў» з формай, аб'ядноўваў у адну кампазіцыю розначасовыя моманты і стан натуры, мог звесці прастору да некалькіх умоўна дадзеных плоскасцей, знаходзіў падкрэслена штрыхавую мадэліроўку аб'ёму, якая  не разбурала плоскасць.

Манументальна-скульптурная лепка фігур і экспрэсіўная пластыка сталі асновай для стварэння выразнага вобраза ў серыі лінагравюр  і аўталітаграфій, створаных па матывах твораў У. Маякоўскага, кнігі «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет» Дж. Рыда, «Маніфеста Камуністычнай партыі» К. Маркса і Ф. Энгельса. У строгім рытме фігур рабочых, якія ідуць на абарону Петраграда, у непахіснай волі і перакананай сіле гэтых людзей заключана магутнае дыханне рэвалюцыйнай рэчаіснасці. Павольны, перарывісты рытм руху толькі яшчэ больш адцяняе і падкрэслівае сабраную, упарадкаваную дынаміку атрада, які ідзе, уносячы ў той жа час напружаны драматычны акцэнт у пластычнае рашэнне. Месца і час дзеяння дадзены вельмі скупым намёкам, кампазіцыя амаль цалкам вызвалена ад якіх-небудзь лакальных і бытавых прыкмет, і нішто не перашкаджае велічнай гераічнай абагуленасці мастацкага вобраза. Але пры эпічна манументальным ладзе работ іх героі – жывыя людзі, з розным абліччам і характарам, аб'яднаныя настроем і дзеяннем. Гэтаму драматычнаму і разам з тым пераканана спакойнаму пафасу шмат у чым садзейнічае каларыт работ – амаль манахромны, з  адлівам металічных водбліскаў. У гэтых серыях, як і ў большасці іншых яго ранніх работ, асаблівую ролю адыгрывае выразнасць сілуэтаў, арнаментальны рытм кампазіцыі. У той жа час мастака цікавіла магчымасць падкрэсліць аб'ём на плоскасці: гэта павялічвала экспрэсію і выразнасць вобразаў. Менавіта за такі «канструктывізм» у графіцы В. Шаранговіча часта і шмат крытыкавалі выкладчыкі ў інстытуце, але ён упарта ішоў да індывідуальнай мастацкай мовы. Здраджваць свайму, асабістаму бачанню было не ў яго правілах...

Асаблівае месца ў творчасці Васіля Шараговіча займаюць працы 1980-х гадоў. Менавіта ў гэтае дзесяцігоддзе ён стварае творы, у якіх тэма пакут чалавечых набывае падкрэслена велічную і ў той жа час трагічную афарбоўку. Вайна для яго (а ён перажыў яе маленькім у роднай вёсцы) засталася ў памяці не пераможнымі залпамі, а пакутлівым шляхам праз боль і пакуты, страты, голад. Бязрадасным, глухім да чужога няшчасця ўяўляецца мастаку свет, які ён увасабляе ў чарадзе сімвалічных вобразаў у серыях «Памяці вогненных вёсак», «Блакадны рэквіем», «Споведзь сэрца». Пластычная мова гэтых твораў набывае крайнюю напружанасць. Вялікае значэнне мастак надае рытмічнай структуры сваіх работ: рэзкаму гучанню ліній, сілуэтаў, колеравых плям. Фармальныя прыёмы, якія ён выкарыстоўвае, выцякаюць з асаблівасцей яго светаўспрымання, падкрэслена трагічнага і эмацыйна аголенага. Рэальныя прадметы, фігуры людзей ператвараюцца ў кантрастныя колеравыя плямы, прастора пазначаецца размеркаваннем сілуэтаў застылых фігур, твары прыпадабняюцца да журботных масак, якія сімвалізуюць чалавечае гора. Аўтар выводзіць адлюстраваныя сцэны за рамкі прыватнай падзеі, знікае індывідуальная характарыстыка персанажаў. Смутак, які адчуваецца ў постацях і тварах, становіцца сімвалам безвыходнай трагедыі. Сваіх герояў аўтар лепіць шырокімі штрыхамі, ствараючы адчуванне важкай аб'емнай формы, перадаючы рух фігур, іх жывыя, заўсёды характэрныя павароты і паставы.

Асаблівую экспрэсію вобразам надае павышана-эмацыянальнае гучанне колеру. Колер уводзіцца ў асноўную чорна-белую гаму малюнка такой жа шчыльнай, амаль не мадэліраванай, кідкай плямай. Мастак пазбягае ўзаемнага накладвання фарбаў, якія збіваюць чысціню і яркасць колеру. Менавіта колер становіцца галоўным сродкам драматызацыі вобраза. Яго павышаная актыўнасць, умоўнасць мяняюць штодзённую рэальнасць, надаюць метафарычнае, сімвалічнае значэнне сюжэту. Пранізлівае гучанне чырвонага колеру нараджае пачуццё пакутлівай трывогі, цагляна-карычневы пакідае адчуванне смутку, сіне-зялёны ўсяляе надзею.

Напружаная дынаміка прасторы, вырашанай рэзкімі кантрастамі планаў, становіцца ў гэты час адным з характэрных кампазіцыйных прыёмаў ужо вядомага беларускага графіка. Так, у ілюстрацыях да паэмы Я. Купалы «Адвечная песня» – паэтычным фрызе пра жыццё, каханне і смерць – вельмі ўдала выкарыстаны прынцыпы строга прадуманай кампазіцыі, поўнай імклівай дынамікі, з выразна дакладным сілуэтам і ўмоўнай, распластанай прасторай, а галоўнае – з характэрнымі, хоць і абагульнена тыпізаванымі чалавечымі вобразамі. У сімвалічных і манументальных вобразах купалаўскай лірыкі асэнсоўваецца жыццё чалавека як драма яго душы. Менавіта ў гэты перыяд пластычная мова мастака набывае выключную сілу. Вобразы, поўныя драматызму і трывогі, часам адзначаныя пячаткай гратэску, нясуць у сабе разважанні пра лёс чалавека, сэнс быцця.

Услед за гэтымі літаграфіямі з'явіліся лірычныя акварэлі да паэмы А. Міцкевіча «Пан Тадэвуш», а пазней да паэмы Я. Коласа «Новая зямля», вельмі розныя па тэмах і духоўным напаўненні, але яны аднолькава гавораць пра вялікае і сталае майстэрства.

На гэтым фоне гуашы Васіля Шаранговіча 1990-х гадоў па матывах твораў Я. Купалы выглядаюць нейкім новым пластычным прарывам, які знамянуе пошук (або вяртанне) экспрэсіўнай пластыкі ў стылі эстэтыкі Мунка і Дзікса. Васіль Пятровіч выкарыстоўвае многія іх мастацкія прыёмы. Напружаныя формы, адвольныя змены прапорцый фігур дзеля павышэння выразнасці, экспрэсія мазкоў, адлюстраваных у фактуры, якія даследчыкамі нямецкага экспрэсіянізму назвалі «нераздзеленай жэстыкуляцыяй жэстаў». У гуашах мастака лініі ператвараюцца ў контур, форма набывае лапідарнасць, фактура становіцца асновай вобраза або нядбайна прамаляванай паверхняй, як бы перадаючы гэтым стаўленне аўтара да выяўленчага матыву. Гэтыя работы ўражваюць экспрэсіўнай манерай, спрашчэннем, якія ствараюць вострую выразнасць і адначасова манументальнасць. Мастак імкнуўся падпарадкаваць кампазіцыю сваіх твораў ярка выяўленай лінейнай рытміцы, скампанаваць з ліній фігуры, якія, аддаляючыся ад рэальных правобразаў, набываюць самастойную экспрэсію. Дынамічнае адлюстраванне стану герояў набывае асаблівую вастрыню дзякуючы рэзкім кампазіцыйным зрушэнням, напружанай актыўнасці мазкоў белага колеру і нават дэфармацыі фігур. Энергічныя контуры,  што акрэсліваюць фігуры, дэманструюць віртуознасць валодання пластыкай: аўтара адрознівае яркая індывідуальнасць мастацкай мовы. Ён як бы «здабыў корань» з еўрапейскіх эксперыментаў і ператварыў яго ва ўласныя наватарскія дасягненні.

Варта звярнуць увагу і на серыю малафарматных ілюстрацый тушшу да лірыкі  А. Міцкевіча. Тэхніка віртуознага валодання лініямі, уменне адным нязмушаным рухам пяра перадаць прыгажосць цела, эмоцыі і цалкам вобраз не можа не захапляць. А здольнасць проста акрэсліваць контур фігуры, віртуозна змяняючы формы, выклікае асацыяцыі з малюнкамі на грэчаскіх вазах, з алоўкавымі і пёравымі  накідамі Пікаса, графікай Далі. Лінія напружаная і дынамічная, яна пакідае моцнае ўражанне. Мастацкая  мова тут крайне лаканічная , форма вельмі спрошчаная, зведзеная амаль да формулы. Усё гэта – вынік велізарнага графічнага майстэрства, якое дазваляе мастаку лініяй перадаць пластыку цела, а лёгкім націскам пяра стварыць адчуванне прасторавых планаў. Лінія становіцца плыўнай, акруглай і пачынае перадаваць і грацыю танца, і спакой сну, і кранальна-пяшчотныя рухі дзіцяці. Лірыка ў творчасці мастака – асобная, недаследаваная тэма.

Гэтак жа, як і ў мастакоў Адраджэння, творы якіх Васіль Шаранговіч добра ведаў і любіў, цэнтральным вобразам у яго творчасці быў чалавек. Яго герой – гістарычная асоба або сучаснік -- ва ўсёй цэльнасці: фізічнай, маральнай, інтэлектуальнай, грамадскай. Гэтая гармонія стала асноўнай у работах майстра, асабліва ў партрэтах, створаных у позні перыяд творчасці. Мастак не пісаў людзей, якіх дрэнна ведаў, фіксацыя знешняга падабенства яго не задавальняла. Як правіла, ён ствараў партрэты тых, з кім знаходзіўся ў сяброўскіх або ў дзелавых адносінах, быў звязаны творчымі сувязямі. Гэтыя партрэты строгія і аскетычныя, часам лірычныя. Нягледзячы на тое, што характар герояў мастак перадае праз дэталі другога плана, яму ўдаецца пазбягаць залішняй апавядальнасці, другарадных фрагментаў, складанага фону. Яго ўвага заўсёды засяроджана на твары мадэлі, псіхалагічнай характарыстыцы чалавека. Адным з лепшых сярод жывапісных партрэтаў з'яўляецца напісаны ім вобраз Стэфаніі Станюты. Фігура вядомай актрысы намалявана на фоне напружанай сімфоніі жоўтых лісцяў. А энергічны малюнак падкрэслівае выразнасць паставы і жэсту рук.

Часта ў працах Васіля Шаранговіча прырода настройвае гледача на ўспрыманне характара намаляванага чалавека, а чалавек уносіць эмацыйны акцэнт, вызначаючы настрой пейзажа. Такое ўзаемапранікненне адрознівае і станковыя графічныя работы, і  кніжныя ілюстрацыі, і шматлікія акварэлі мастака, і шматфігурныя кампазіцыі, і партрэты асобных людзей. Ужо ў ранніх гравюрах намецілася імкненне мастака да абагульнення тэмы чалавека і прыроды, але, зразумела, яно яшчэ не было даведзена да ўзроўню сімвала. Адлюстраваны ім канкрэтны матыў набывае значнасць, напружаны лірызм. Галоўным становіцца перадача стану, псіхалогіі, а не падзеі. Прырода для аўтара – асаблівы свет, які жыве па сваіх законах, тое  адухоўленае асяроддзе, у якім працякае жыццё чалавека.

Вялікае месца ў творчасці Васіля Шаранговіча займаюць пейзажы, галоўным чынам мядзельскія. Мастак пісаў пераважна знаёмае яму з дзяцінства асяроддзе, адлюстраваўшы яго непаўторную своеасаблівасць. Мы адчуваем веліч пагоркаў, бязмежную стыхію азёр, глыбіню неба, падкрэсленую манументальнымі аблокамі, таямнічае мігценне начнога неба. Карціны прыроды заўсёды праходзяць праз настрой самога аўтара. Мастак надзяляе прыроду значнасцю, у ёй з'яўляецца штосьці  незвычайнае, непаўторнае, што  ўзвышае яе над штодзённасцю. Часам гэтаму спрыяюць самі выбраныя матывы. Напрыклад, месячнае святло, якое змяняе ўсё зямное, даводзіць малюнак да ірэальнага. Ці люстэрка азёр і магутныя сілуэты дрэў з пышнымі кронамі, якія часта пераходзяць з адной кампазіцыі ў другую. Майстар падкрэслівае веліч і манументальнасць ландшафту, перадаючы яго характэрныя асаблівасці: неба, нізка навіслае над вадой, бязлюдныя, нібы адпаліраваныя часам пагоркі, хаткі на беразе. Асаблівасцю гэтага пейзажа становіцца поўнае зліццё чалавека з прыродай у адзінае натхнёнае цэлае, іх адвечная гармонія. Умоўная колеравая і жывапісна-пластычная характарыстыка напісанага ландшафту нараджае абагульнены вобраз беларускай прыроды, напоўнены лірызмам і паглыбленым сузіраннем. Скупое, дакладнае пісьмо акварэлі, напружаная мова чорна-белай гравюры дапамагаюць мастаку стварыць нейкі ўніверсальны, пазачасавы вобраз прыроды.

І нарэшце, «проста малюнкі» – работы, не прызначаныя  для друку. Васіль Пятровіч – перакананы прыхільнік графікі, якая мае выразнае практычнае прызначэнне. Закончаных малюнкаў проста для выставы ў яго не шмат, а ў ранні перыяд, верагодна, і зусім не было. Аднак творчая лабараторыя майстра патрабавала пастаяннага малявання. Малюнкі з натуры, якія захаваліся з даўніх часоў, дазваляюць зразумець характар і спосабы працы мастака над пабудовай выяўленчай формы. Адзін з цыклаў прысвечаны будове  чалавечай фігуры, ёсць старанна прапрацаваныя малюнкі мужчынскай і жаночай натуры ў падкрэслена стройных прапорцыях. Але ў большасці работ няма ніякай ідэалізацыі. Даследуецца пластыка канкрэтнага жывога цела, яго лепка ў розных паставах і ракурсах. Да іншага і, мабыць, больш позняга часу трэба аднесці серыю віртуозных накідаў сосен, выкананых гнуткай, цякучай лініяй. Асноўны нерв гэтых малюнкаў – жывы рух. У натуральнасці абыходжання з прапорцыямі і пластыкай натуры адчуваецца пільная цікавасць да свабоднай экспрэсіўнай пластыкі еўрапейскіх графікаў ХХ стагоддзя.

Мастацтва любога знакавага майстра шматпланавае. Як вялікі мастак, Васіль Шаранговіч адлюстравай у сваёй творчасці вострыя духоўныя калізіі свайго часу, эпохі ваенных трагедый, адраджэння цікавасці да нацыянальнай гісторыі, запусцення маленькіх вёсак, тых ці іншых сацыяльных змен, якія вызначалі яго час. Але не менш цікавыя і яго працы, поўныя смелай экспрэсіі і тонкага лірызму. І тут неардынарная пластыка, уласцівая яго графічным работам, шмат што вызначыла ў творчасці мастака. Яго ўнёсак у беларускую графіку другой паловы XX стагоддзя заслугоўвае разгляду як самастойная каштоўнасць, якая зрабіла значны ўплыў на развіццё гэтага жанру мастацтва.

Наталля Шаранговіч, мастацтвазнаўца

 

4782