Часовая экспазіцыя фатаграфіі Сямёна Шаўцова «Запаведнае месца. ПДРЭЗ», прымеркаваная да Міжнароднага дня памяці пра Чарнобыльскую катастрофу


Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”

Запаведнае месца. ПДРЭЗ

Фотапраект Сямёна ШАЎЦОВА

да Міжнароднага дня памяці пра Чарнобыльскую катастрофу

ПДРЭЗ… Такі быццам дзіўны і незнаёмы набор літар. Быццам не пазнавальны…
Але ж кожны/-ая яго ведае — кожны/-ая яго памятае ды не ўстане на яго забыцца ўжо шмат гадоў…
Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік — кожны/-ая пазнае тыя словы… Кожны/-ая не ў стане хоць калісь забыцца на тую назву…
Як не ў стане забыцца і на дату 26 красавіка 1986.
Аварыя на ЧАЭС…
Катастрофа…
Адсяленне…
Закінуты край…
Забыты вырай…
Выклятая зямля…
Хойнікі… Брагін… Нароўля…

Але не!

Бадай адразу ж на выселеных тэрыторыях — яшчэ ў 1988, — зарганізаваны быў Запаведнік. ПДРЭЗ… Тыя выклятыя землі жывуць сваім жыццём, а хтось даследуе тое дзіўнае чароўнае жыццё адселенага краю.

Буяе тут жыццё непаўторнае і нечаканае, жыццё дзіўнае бы ў сівых старадаўніх аповядах ці казках сляпых вандроўных старцаў-лірнікаў… Жыццё не спыняецца, жыццё віруе… Кінутыя хаты парахнеюць, а пад слоем некранутага гадамі пылу на стальніцы ў кухонцы — сняданкавая філіжанка ад кавы ці сподак з-пад яечні… У амшалай — быццам старыя могілкавыя камянюкі — шафе ўсё яшчэ ляжаць ­свежыя газеты пачатку траўня 1986… На падворку ж праціснуцца скрозь купы хмызняку па зарослай сцежцы не кожны здатны, а на палетках — высачэнны лес вырас…

Жыве ПДРЭЗ сваім жыццём — жыццём без чалавека, але пад ягоным наглядам.

Пад пільным вокам фатографа Сямёна Шаўцова ўжо не першы год буяе бязлюднае запаведнае жыццё.

Штораз Сямён прыязджае — вяртаецца! — у запаведнік і піша нарысы ягоных будняў — будняў фатографа ў Запаведным краі ды будні самога забытага раю…

Чароўныя здымкі кінутай айкумены і прыгожай чыстай прыроды — незалежным вокам аб’ектыва…

Хроніка быцця без/чалавека… Хроніка нашай памяці пра вырай…

498