ПАВАЛ… ВЯРТАННЕ ДАДОМУ. Выстава памяці лоеўскага мастака Паўла Бондара


ПАВАЛ...

ВЯРТАННЕ ДАДОМУ

 

Выстава памяці лоеўскага мастака Паўла Бондара

 

30 верасня 1952 года ў лаяўцоў Бондараў нарадзіўся сын Павал. З дзяцінства, як і астатнія дзеці ў сям’і Пятра і Лізаветы, ён быў закаханы ў сваё роднае мястэчка, што імклівай стрычкай прабягае па ўскрайку Дняпра. Дняпровыя ж воды натхнялі летуценні юнака…

У адрозненні ад сваіх братоў і сясцёр, Павал здолеў падняцца высока ў сваіх летуценнях — каб там і застацца. Абраўшы лёс Мастака, усё сваё жыццё ён і шыбаваў па гэтым негасцінным гасцінцы.

Не знайшоўшы паразумення і прызнання сярод блізкіх і далёкіх лаяўцоў, у пошуках мастаковага лёсу калісьці — яшчэ ў маладосці, — ён выправіўся ў Менск. Здаецца, там бы ён і змог спраўдзіць усе свае задумы — малады творца стаў сябрам Саюза мастакоў, выкладаў у Акадэміі мастацтваў, з часам нават узначаліў кафедру…

Але мастаковая душа не магла знайсці сабе супакою — у летуценнях і мроях Павал шукаў сябе, увесь час знаходзіў і губляў… У сваіх летуценнях ён часта вяртаўся і ў свой любы малюткі і мілы сэрцу, але цяпер ужо далёкі Лоеў.

Пры жыцці Мастак Павал Бондар так і не атрымаў прызнання на сваёй радзіме. Летась яго не стала — а Лоеў так і не паспеў прыняць свайго Мастака…

І гэтая выстава — спроба вярнуць Мастака на ягоную радзіму. Магчыма, спроба запозняя, але ж… Мястэчка калісьці ўсё адно павінна будзе прыняць яго. І выстава — маленькі крок на гэтым гасцінным гасцінцы дадому.

Нездарма на афішы, у аснову якой пакладзеная адна з позніх работ Мастака, фігура чалавека быццам “выразаная” — яе няма і мы бачым толькі контуры мужчыны. Так і Павал для лаяўцоў дагэтуль застаецца нябачным. Але прыйдзе час і з контураў паўстане постаць: кожны, хто наведае выставу, здолее пабачыць фігуру на карціне. Кожны, хто наведае выставу — здолее пабачыць і самога Паўла…

Больш пра Мастака і яго творчасць можна даведацца з артыкула мастацтвазнаўкі Ларысы ФінкельштэйнПавал Бондар і ягоная школа. Выстава, прысвечаная памяці мастака”, размешчанага на старонках музейнага альманаха “culture & anthropology / museum’s magazine”.

605