"Маланка" з Іркуцка ў Полацку

У лютым 2010 г. калекцыя выданняў беларускага замежжа, якая збіраецца і вывучаецца ў НПГКМЗ, папоўнілася семнаццаццю прадметамі. Усе яны выдадзены беларускай дыяспарай у Расіі. Сярод выданняў - газета "Сябры" (№ 3-4, 2003 г.), выдаўцом якой з'яўляецца "Маскоўскі клуб беларусаў". Але большая частка (16 прадметаў) - "прадстаўнікі" Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. Гэта бюлетэнь-газета "Маланка" і кішэнныя календары на 2008 і 2009 гады, на якіх яскрава паказана, як святкуюць Дзяды і Гуканне вясны беларусы Сібіры.
Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага было заснавана ў 1996 годзе. Яго кіраўніком, а таксама рэдактарам бюлетэня з'яўляецца Алег Рудакоў. Дарэчы, нарадзіўся ён у в. Бяздзедавічы Полацкага раёна. Часта наведвае сваю радзіму, а знаходзячыся ў Полацку, не забывае зайсці ў Музей беларускага кнігадрукавання і пакінуць сёе-тое ў падарунак.
Дзякуй за такую ўвагу, і спадзяёмся на далейшае супрацоўніцтва з Іркуцкім таварыствам беларускай культуры імя Яна Чэрскага на чале з Алегам Рудаковым.

2132