Выстаўка “Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя”

Выстаўка

“Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя”

14.01. 2011 – 03.02. 2011
16.00

14 студзеня 2011 г. а 16-й гадзіне ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адкрываецца выстаўка ўнікальных фотаздымкаў першай паловы ХХ ст. беларускага протаіерэя-фотааматара “Павел Валынцэвіч. Фоталетапіс даўжынёй у паўстагоддзя”.
На выстаўцы ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь упершыню будуць прадстаўлены каля 130 фотаработ Паўла Валынцэвіча. Асноўная частка экспазіцыі – лічбавыя фатаграфіі, выкананыя з аўтэнтычных негатываў аўтара. Акрамя гэтага ўвазе наведвальнікаў прапанаваны лічбавыя копіі аўтарскіх фатаграфій з сямейнага архіва ўнучкі Паўла Валынцэвіча Людмілы Мікалаеўскай-Валынцэвіч, а таксама арыгінальныя негатывы на шкле з прыватных збораў Дмітрыя Сярэбранікава і Ігара Сурмачэўскага.
Павел Канстанцінавіч Валынцэвіч (1875 - 1962) – праваслаўны святар, асоба яркая і шматгранная, сучаснік Льва Талстога, Антона Чэхава, Іаана Кранштадскага. Будучы фотааматар нарадзіўся ў мястэчку Вялікая Бярэставіца Гродзенскай губерні, у беднай шматдзетнай сям'і дыякана мясцовай царквы. У 1897 г. скончыў Віленскую Духоўную семінарыю і 65 год свайго жыцця аддаў служэнню Богу. Быў псаломшчыкам, пасля пасвяшчэння ў сан святара ў 1899 г. стаў настаяцелем царквы ў сяле Касута на Вілейшчыне, пазней – Свята-Нікольскага храма вёскі Узмёны (Міёрскі район), у якой праслужыў 43 гады. У 1902-1904 гг. служыў школьным інспектарам у мястэчку Дзісна.
Айцец Павел меў шырокі круг зацікаўленасцей. Пісаў карціны, захапляўся астраноміяй і прыродазнаўствам. Сабраў вялікую бібліятэку, якой карысталіся ўсе яго знаёмыя і вернікі. Жыва цікавіўся палітыкай, разводзіў пчол...
Паўстагоддзя Павел Валынцэвіч не раставаўся з фотаапаратам. Яго работы прасякнуты мірам і любоўю, нібы не было войнаў, рэвалюцый, акупацый. На яго фотаздымках адлюстраваны падзеі штодзённага жыцця – сямейныя святы, хросны ход, вучэбныя заняткі сына, інтэр'ер кабінета, уборка ўраджая, праца на пасецы. Сёння гэта каштоўныя гістарычныя сведчанні аб паўсядзённым жыцці ў беларускай глыбінцы, аб жыцці невялікага праваслаўнага прыходу. На фатаграфіях – сам айцец Павел, яго сям’я і блізкія, госці, простыя людзі.
Унікальны фотаархіў Паўла Валынцэвіча фармаваўся год за годам. Самы стары негатыў калекцыі датуецца 1900-м годам, а апошні - 1949-1953 - м годам. Такім чынам, фоталетапіс ахоплівае паўстагоддзя. Здзіўляе лёс самога збору. Шкло і негатывы на шкле - матэрыял вельмі далікатны, Але фотаархіў Паўла Валынцэвіча ацалеў і сёння мае выключную гістарычную каштоўнасць.

1969