ЛЕТАПІСЕЦ ЭПОХІ: Літаратурны чацвер з цыкла "Нашчадкі славутых людзей", прымеркаваны да 90-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна


3 сакавіка 2011 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбудзецца чарговы літаратурны вечар з цыкла “Нашчадкі славутых людзей”, прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння празаіка, драматурга, літаратурнага крытыка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.

Iван Шамякiн – яркi прыклад пiсьменнiка-грамадзянiна, якi свой вялiкi талент прысвяцiў служэнню Айчыне i беларускай лiтаратуры. Пісьменнік заўжды трымаў руку на пульсе часу. Для сваіх твораў ён выбіраў актуальныя пытанні, якія хвалявалі грамадства, з усім моцам таленту і абвостранага грамадзянскага пачуцця ўздымаў найважнейшыя сацыяльныя і маральна-этычныя праблемы сучаснасці. Раманы «Крыніцы» (1956), «Сэрца на далоні» (1963), «Снежныя зімы» (1968), «Атланты і карыятыды» (1974), «Вазьму твой боль» (1979) і іншыя кнігі ўвайшлі ў залаты фонд беларускай літаратуры. У творах Івана Пятровіча гарманічна спалучаюцца дынамічнае развіццё сюжэта, філасофскі аналіз жыццёвых праблем і глыбокае пранікненне ў псіхалогію чалавека.

Гэтак жа творча, плённа і самааддана народны пісьменнік Беларусі працаваў і ў апошнія гады. Напісаныя ім аповесці «Слаўся, Марыя», «Пошукі прытулку», «Губернатар» сталі адметнай з'явай у сучаснай беларускай літаратуры. Славуты пісьменнік ніколі не абыходзіў “балявыя” кропкі свайго часу, быў вельмі ўважлівы да сацыяльных і маральна-этычных праблем, месца і ролі чалавека ў грамадстве. Таму невыпадкова, што Івана Шамякіна часта называюць Летапісцам эпохі.

Іван Шамякін – вельмі блізкі для музея Коласа чалавек. Сюды, у дом дзядзькі Якуба, ён упершыню завітаў з групай беларускіх пісьменнікаў у далёкім 1949 годзе. Пазней Іван Пятровіч яшчэ не аднойчы гасціў у народнага песняра, а з цягам часу стаў прымаць актыўны ўдзел у мерапрыемствах музея. Сапраўдным скарбам для даследчыкаў жыцця і творчасці Якуба Коласа сталі ўспаміны Івана Шамякіна аб яго сустрэчах з класікам.

Падзяліцца ўспамінамі пра свайго знакамітага сваяка, расказаць пра апошнія гады жыцця і творчасці славутага пісьменніка запрошаны дочкі і ўнукі Івана Пятровіча: Таццяна Шамякіна – доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ, Алеся Шамякіна – кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, Марыя Шамякіна – кандыдат філалагічных навук, дзяржаўны служачы Адміністрацыі Прэзідэнта РБ, Славяна Шамякіна – выкладчыца кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ, а таксама ўнук народнага пісьменніка Іван – вучань 7 класа СШ №4 г. Мінска. У мерапрыемстве возьмуць удзел блізкі сябра сям’і Шамякіных, пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, былы супрацоўнік музея Коласа Аляксандр Ануфрыевіч Савіцкі, а таксама сын песняра Міхась Міцкевіч.

На выстаўцы, падрыхтаванай да мерапрыемства, будуць прадстаўлены асабістыя рэчы пісьменніка, кнігі з дарчымі надпісамі Якуба Коласа і Івана Шамякіна. Напрыканцы імпрэзы ўдзельнікаў чакае дакументальны фільм з сямейнага архіва сям’і Івана Шамякіна.

САРДЭЧНА ЗАПРАШАЕМ!

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
Тэл.: 284 17 02

339