Запрашаем на выстаўку "Народны касцюм Заходняй Віцебшчыны"

Яшчэ амаль стагоддзе таму куфры вясковых прыгажуняў рупліва напаўняліся сапраўднымі скарбамі: бялюткімі фартухамі, вышыванымі кашулямі і бясконцымі сцежкамі рушнікоў. На жаль, скарбы Падзвінскіх майстрыц сталі быццам “зачараванымі”. Традыцыйны строй беларусаў Віцебшчыны нават зараз з’яўляецца мала даследаваным.
Музей традыцыйнага ткацтва запрашае вас, паважаныя палачане і госці гораду, наведаць выстаўку “Народны касцюм Заходняй Віцебшчыны”, дзе вы будзеце мець магчымасць пазнаёміцца з элементамі народнага адзення з музейных і прыватных збораў Браслава, Шаркаўшчыны, Глыбокага, Пастаў, Міёраў, Верхнядзвінска і Полацку. Дадзеная выстаўка выклікала сапраўны інтарэс з боку наведвальнікаў Браслаўскага Музея традыцыйнай культуры, яе чакаюць выставачныя залі Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага Музея, а зараз мы маем шчасце сустракаць яе на Полаччыне. Выстава “Народны касцюм Заходняй Віцебшчыны” адкрывае патаемны сэнс вырабу адзення, а дзякуючы маляўнічым фотаздымкам вясковага насельніцтва ў вясельных, паўсядзённых і святочных строях, дапамагае стварыць жывое ўяўленне пра традыцыйны Паазерскі каларыт.
Пабачыць скарбы з вясковых куфароў мы запрашаем вас з 14 мая па 31 жніўня.

2180