Выстаўка «Лепшыя кнігі Беларусі» (выданні - лаўрэаты L Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі – 2010» і VІІ Міжнароднага конкурсу краін-удзельніц СНД).

З 24 студзеня 2012 года ў Музеі беларускага кнігадрукавання пачала працаваць выстаўка «Лепшыя кнігі Беларусі», на якой прадстаўлены тыя беларускія выданні, якія сталі лаўрэатамі L Нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі – 2010».

Выстаўка з'яўляецца для Музея традыцыйнай, паколькі ўжо на працягу больш як дваццаці гадоў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь штогод перадае нам калекцыю выданняў-лаўрэатаў Нацыянальнага (да 2007 года – Рэспубліканскага) конкурсу "Мастацтва кнігі".

Наведвальнікі маюць магчымасць убачыць выданні, якія сталі пераможцамі ў розных намінацыях, а таксама атрымалі дыпломы І-й, ІІ-й і ІІІ-й ступеняў. Некаторыя ж з іх з'яўляюцца яшчэ і лаўрэатамі VІІ Міжнароднага конкурсу краін-удзельніц СНД.

Такім, напрыклад, стала кніга «Никогда не забудем», якая змяшчае расказы беларускіх дзяцей аб Вялікай Айчыннай вайне. Дадзенае выданне з'яўляецца чарговым перавыданнем кнігі, падрыхтаванай і выдадзенай у 1948 г. пад рэдакцыяй Я. Маўра. Тэкст дапоўнены шматлікімі фотаздымкамі як часоў вайны, так і сучаснымі.

Тэме вайны прысвечаны і кнігі: «Родина-Мать зовёт!» (выданне ўяўляе сабой каталог унікальнай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, у аснове якой каля 500 арыгінальных плакатаў, створаных у 1941-1945 гг. ), «Партизанский альманах. 1944-2009» (знаёміць з партызанскімі рукапіснымі часопісамі, якія раскрываюць розныя бакі жыцця партызан, іх баявую дзейнасць, быт, вучобу), «Энциклопедия Победы. Беларусь — Москва» (выданне прысвячаецца 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзю заснавання звання Героя Савецкага Саюза; змяшчае шматлікія фотаздымкі, рэпрадукцыі карцін, выявы плакатаў, карты, схемы).

Таксама можна ўбачыць юбілейнае выданне «Демона» (да 195-годдзя з дня нараджэння М.Ю. Лермантава і 170-годдзя паэмы «Демон»), якое змяшчае ілюстрацыі К.В. Ізенберга 1897 г.; кнігу «На далонях вечнасці», якую склалі творы А. Бутэвіча і У. Ягоўдзіка, што выходзілі раней асобнымі выданнямі ў серыі «Сем цудаў Беларусі» (заснаванай ў 1999 г.) з дзівоснымі ілюстрацыямі Паўла Татарнікава; «Янкаў вянок» У. Ліпскага (аповед для дзяцей пра Янку Купалу, яго радавод, жыццё і творчасць, змяшчае шматлікія ілюстрацыі, фотаздымкі) і многія іншыя выданні, якімі мы па праву можам ганарыцца.

Сапраўднай жамчужынай калекцыі з'яўляецца камплект «Слуцкае Евангелле», які ўключае факсімільнае ўзнаўленне адной з праваслаўных святыняў Беларусі – рукапіснага Слуцкага Евангелля, створанага ў канцы ХVІ ст. слуцкім князем Юрыем Алелькавічам. А таксама ў камплект уваходзіць узноўлены тэкст Евангелля з захаваннем яго дзялення на лісты, слупкі і радкі і даследаванне рукапісу - вынік сумеснай навукова-даследчай работы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, - што змяшчае звесткі пра гісторыю стварэння і вяртання святыні, палеаграфічнае апісанне помніка, даследаванне яго моўных рыс.

Сардэчна запрашаем усіх аматараў кнігі наведаць нашу выстаўку!

1036