"Рэмінісцэнцыя" - выстаўка жывапісных партрэтаў гістарычных дзеячаў Беларусі мастака Юрыя Каралевіча

З 10 лютага ў Мастацкай галерэі НПГКМЗ працуе прымеркаваная да 1150-годдзя горада Полацка выстаўка «Рэмінісцэнцыя». Мінскі мастак, дацэнт кафедры манументальна-дэкаратыўнага жывапісу Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў, Юрый Каралевіч прэзентаваў на ёй серыю партрэтаў выдатных асоб нацыянальнай гісторыі - асоб, якія гэтую гісторыю і стваралі. І невыпадкова ў першую чаргу глядач на выстаўцы знаёміцца з вобразамі менавіта полацкіх князёў: Рагвалода і Усяслава Чарадзея. Вядома, беларуская дзяржаўнасць зараджалася ў Полацку і зараджалася дзякуючы гэтым знакамітым гістарычным дзеячам.

Усяго на выстаўцы прадстаўлены пятнаццаць партрэтаў. У асноўным гэта самыя значныя фігуры Вялікага Княства Літоўскага: вялікія князі Гедымін, Альгерд, Кейстут, Вітаўт, Ягайла, прадстаўнікі дынастыі Радзівілаў... Успамін пра выдатных дзеячаў нашай гісторыі вяртае нас да падзей мінулага, сведкамі і ўдзельнікамі якіх былі адпаведныя персанажы. Асабістыя лёсы настолькі цесна пераплецены з нацыянальнай гісторыяй, што кожны персанаж стаў сімвалам ці знакам свайго часу.

Сваё пачэснае месца на выстаўцы займае партрэт караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, з іменем якога звязана шмат значных падзей у Полацку, сярод якіх трэба ўзгадаць стварэнне тут езуіцкага калегіума, будынкі якога і сёння ўпрыгожваюць наш горад, а ў адным з яго карпусоў размешчана Мастацкая галерэя.

Побач з жывапіснымі партрэтамі, выкананымі Ю.М.Каралевічам, на выстаўцы прадстаўлены біяграфічныя звесткі гістарычных асоб, копіі гравюр, вытрымкі з летапісаў, варыянты партрэтаў, зробленых мастакамі мінулых эпох. Гэтыя матэрыялы сталі дакументальнай крыніцай пошукаў Юрыем Каралевічам сваёй асабістай трактоўкі прадстаўленых персанажаў, сваёй версіі знаёмых вобразаў, якія павінны выклікаць у сучаснікаў пачуццё годнасці, павагі да сябе і да сваіх каранёў.

889