Новая выстаўка «Крыніца жыцця і любові – сям’я»

З 23 лютага ў выставачнай зале раённага краязнаўчага музея пачала работу выстава фотамастака Карнэліўша Консэка «Крыніца жыцця і любові – сям’я», падрыхтаваная сумесна з грамадскім аб’яднаннем «Беларуская арганізацыя працуючых жанчын». На фотавыставе прадстаўлена 38 работ.

Аўтар работ Карнэліўш Консэк нарадзіўся ў 1962 г. у г.Прушаў (Польшча). З 1998 г. ён з’яўляецца кансультантам па пытаннях паліграфіі і дызайна каталіцкага культурна-рэлігійнага часопіса «Дыялог» у г.Баранавічы.

Яго фотаздымкі дэманстраваліся на шматлікіх выставах у Польшчы, былі ўдзельнікамі фотаконкурсаў «Хлеб штодзённы», «Дарогі жыцця», «Мінулае». У Беларусі трэці год паспяхова праходзіць яго выстаўка «Пятае Евангелле», а з мінулага года фотавыстаўка «Крыніца жыцця і любові – сям’я».

Вось, што гаворыць сам Карнэліўш Консэк: «Першы фотаапарат мне падарыў мой бацька. Але ўсур’ёз займацца фатаграфіяй я пачаў толькі ў 1986 годзе. Лічу, што вельмі часта людзі не заўважаюць тых незвычайных рэчаў і з’яў, якія кожны дзень знаходзяцца з імі побач. Зробіш здымак, дадасі да яго рамку – і ў зусім звыклым і будзённым адкрываецца нешта шчымліва дарагое, незвычайнае, прывабнае, што захацелася б захаваць у сваім сэрцы, у сваёй памяці, на фотаздымку… А гэта ўсё наша асяроддзе: прырода, людзі, вынік іх працы і адносінаў да гэтага асяроддзя.

Вельмі люблю рабіць фотаздымкі дзяцей, перадаваць іх незвычайна вялікі свет пачуццяў, хваляванняў – усе яны такія шчырыя! Мусіць, Бог даў мне такі дар, каб у звычайных, на першы погляд, рэчах я заўважаў прыгажосць і каб мне удавалася “выцягнуць” яе часам нават з нейкіх “цёмных куткоў” жыцця. Заўважаю, здымаю, і гэтай Божай ласкай, якая адкрываецца мне, імкнуся падзяліцца з вамі».

868