Падарожжа ў мінулае

Сёлета Полацку спаўняецца 1150 гадоў. Палачане могуць ганарыцца сваім горадам, асабліва калі ведаюць яго гісторыю. І пачынаць вывучаць яе трэба са школы.

У красавіку ў Краязнаўчым музеі праходзілі заняткі для вучняў 3-4 класаў. На занятку "Страчаная спадчына" дзеці пазнаёміліся з помнікамі архітэктуры, якія, на вялікі жаль, сёння ўбачыць не могуць. Час не пашкадаваў старажытныя цэрквы, касцёлы і манастыры. Напрыканцы занятка вучні з перакананнем выказваліся за неабходнасць захоўваць нашу спадчыну для нашчадкаў.

Вучні трэціх класаў на занятку "Прагулка па Ніжне-Пакроўскай" даведаліся пра гісторыю адной з самых старажытных вуліц горада. За час свайго існавання вуліца неаднаразова мяняла назвы, з'яўляліся новыя і знікалі старыя будынкі. Але і сёння гуляючы па гэтай вуліцы, можна адчуць подых мінулага.

Полацкай гісторыяй цікавяцца і жыхары суседняга Наваполацка. Вучні наваполацкай гімназіі №1 на чале з настаўніцай Ірынай Уладзіміраўнай Дабравольскай тройчы наведвалі Краязнаўчы музей. Падчас тэматычных экскурсій дзеці пазнаёміліся з гісторыяй горада VIII-XVIIІ стст. А вучні старэйшых класаў наведалі занятак "Айчынная вайна 1812 г.".
Спадзяемся, што гэтыя заняткі дапамогуць прыцягнуць увагу людзей да гістарычнага мінулага найстаражытнейшага горада Беларусі.

1003