Выстаўка «Вобраз Найсвятой Багародзіцы ў беларускім іканапісе XVII – XIX стст.» са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

4 мая ў Мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка адкрылася выстаўка абразоў са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь «Вобраз Найсвятой Багародзіцы ў беларускім іканапісе XVII – XIX стст.».

Багародзіца – самы папулярны рэлігійны сімвал Беларусі. Вобраз Маці, якая глыбока перажывае будучыя пакуты Сына, адзін з самых эмацыянальных сюжэтаў праваслаўнай іканаграфіі ўвогуле.

Асноўныя тыпы выявы Маці Божай, што сталі кананічнымі, сфарміраваліся ў IX стагоддзі ў Візантыі, у пасляіканаборскі перыяд. Абразы, якія прывозілі на землі Кіеўскай Pyci, у тым ліку і Беларусі, станавіліся як аб'ектам шанавання, так i ўзорамі для новых іканаграфічных варыянтаў.

На выстаўцы прадстаўлена 32 твора са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да іканаграфіі Багародзіцы. Большасць выканана ў праваслаўнай традыцыі, тры з ix – абразы з выявай Маці Божай Кракаўскай, Барунскай i Снежнай напісаны ў традыцыях не візантыйскай, а італьянскай іканаграфіі. У экспазіцыі, акрамя беларускіх, змешчаны таксама іконы рускай школы жывапісу XIX стагоддзя.

Выстаўка беларускіх абразоў XVII – XIX стагоддзяў дэманструе характэрную рысу мясцовай іканаграфіі: пры ўстойлівым захоўванні традыцыйнага канона ствараць новыя разнастайныя варыянты выяў Найсвятой Маці Божай. У ліку прадстаўленых на выстаўцы: вобраз «Адзігітрыя» (з грэч. Правадніца); вобраз «Панагія Дэкса» (з грэч. Усесвятая), да гэтага тыпу належаць экспануемыя абразы «Троеручыца», «Фёдараўская»; іканаграфічны тып «Елеўса» (з грэч. Мілуючая), прыкладам на выстаўцы з'яўляецца Маці Божая Жыровіцкая 1751 г.

Акрамя таго, увазе наведвальнікаў прадстаўлены вобразы Маці Божай у складаных кампазіцыях: «Жываносная крыніца», «Багалюбская», «Усіх смуткуючых радасць», у якіх іканаграфічны прататып icнye ў завуаліраванай форме. Многія беларускія абразы ілюструюць асноўныя падзеі жыцця Маці Божай: «Цалаванне Іаакіма i Ганны. Дабравесце Ганне», «Нараджэнне Маці Божай», «Увядзенне ў храм», «Дабравешчанне» i інш., якія адпавядаюць двунадзесятым святам. Паўтор некаторых сюжэтаў дазваляе параўнаць розныя мастацкія i кампазіцыйныя прыёмы, што выкарыстоўваюцца іканапісцамі, зварот ix да візантыйскай або заходнееўрапейскай традыцыі, ступень прытрымлівання канону.

Асаблівую цікавасць для наведвальнікаў ўяўляюць 12 абразоў, адроджаных рэстаўратарамі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія дэманструюцца на выстаўцы ўпершыню.

Дзякуючы крапатлівай працы шматлікія раскрытыя абразы набылі іншыя назвы, іканаграфічны рад музейных твораў папоўніўся выявамі Маці Божай Кракаўскай, Барунскай, Шкаплернай, Сямістрэльнай, якія раней не былі прадстаўлены ў калекцыі, i абразамі святочнага рада — «Увядзенне ў храм», «Сашэсце Святога Духа», «Нараджэнне Маці Божай», «Успенне».

Абразы Найсвятой Багародзіцы, прадстаўленыя на выстаўцы, сведчаць пра выключную значнасць яе выявы для беларускай мастацкай культуры i ўсяго хрысціянскага свету.

879