18 мая прайшла музейная ноч “Песні роднага краю”

18 мая ў Ганцавіцкім раённым краязнаўчым музеі прайшла музейная ноч “Песні роднага краю”, мэтай якой было – папулярызаваць народнае мастацтва, прыцягнуць увагу гледачоў і арганізаваць незабыўнае свята. Упершыню музейная ноч “Любовь. Женщина. Цветы” прайшла ў краязнаўчым музеі ў 2006 годзе.

Зараз музейная ноч – гэта не проста паказ гістарычных ці жывапісных калекцый, часам адмыслова падрыхтаваных для чароўнай ночы, але і тэатралізаванае, забаўляльнае і культурнае дзейства. Гэта сумесная вясенняя прагулка, кантактаванне з сябрамі, каханымі і мастацтвам – захапляючае і цікавае мерапрыемства.

На свяце прысутнічалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Паўлавіч Саланевіч, старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Якаўлевіч Дрозд, кіраўнікі прадпрыемстваў, прадпрымальнікі і жыхары горада.

Адкрывалася свята прэзентацыяй выстаўкі “Я знаю край адным-адзіны ў свеце”. На выстаўцы былі прадстаўлены работы народных майстроў Беларусі Феаніі Крысюк і Ніны Казак, майстра па карункапляценню Яўгеніі Станкевіч, майстра па аплікацыі, гануцелі Ліліі Кудравец, майстра па ганчарству, разьбе па дрэве, графіцы Віталя Шапялевіча, майстра па дэкупажу Леаніды Рапейка.

Усе, каго зацікавіла творчасць мясцовых майстроў змаглі паўдзельнічаць у майстар-класах па гануцелі, дэкупажу і ганчарству.

Госці пазнаёміліся з гісторыяй стварэння песні “Птушка Ганцавіч”, з аўтарамі слоў і музыкі Мікалаем Крывянком і Іванам Бондарам.

Ганцавіцкі хлебазавод пачаставаў гасцей выпечаным да свята караваем, прыватнае прадпрыемства “Воміца” прадставіла сваю прадукцыю: мінеральную і салодкую ваду.

На музычнай пляцоўцы “Гучыць напеў знаёмы…” можна было пачуць знаёмыя кожнаму беларусу песні і паспяваць іх разам з Ліліяй Вадзюцінай і Святланай Муха.

На “Дрэве пажаданняў” усе госці пакінулі свае пажаданні гораду і музею.

На музейнай пляцоўцы праходзіла інтэрактыўная праграма “У лабірынце часу” дзе можна было развучыць беларускія народныя танцы “Полька” ці “Кракавяк”, прыняць удзел у гульнях “Мікіта” і “Ладушкі”, разгадаць мясцовыя загадкі, патаўчы семя ў ступе, пакачаць качалкамі палатно, збіць масла ў бойцы, зрабіць гліняны гаршочак…

Жыхары і госці раёна карыстаючыся макетамі “Беларус і беларусачка” маглі ўявіць сябе сапраўднымі беларусамі і сфатаграфавацца ў імправізаваных нацыянальных беларускіх касцюмах.

Кожны наведвальнік змог знайсці сабе занятак па душы.

1056