"Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам"

У мінулы чацвер (19 кастрычніка) у Музеі традыцыйнага ткацтва Паазер'я адбылося фальклорнае свята «Пакроўскі кірмаш» . На музейнае мерапрыемства завіталі навучэнцы наваполацкай і фарынаўскай сярэдніх школ. Падчас правядзення свята наведвальнікі музея даведаліся пра цікавыя звычаі і традыцыі, звязаныя з адзначэннем Пакравоў на Паазер'і. Для гасцей узорны фальклорны калектыў «Лецейка» Гомельскай дзіцячай школы мастацтваў прадставіў гульні і танцы, у якіх ахвотна прынялі ўдзел усе прысутныя. Усё свята суправаджалася жывой музыкай. Гучанне цымбалаў, скрыпкі і гармоніка стварала прыемную ўтульную атмасферу і надавала асаблівы каларыт усяму фальклорнаму святу.

Гасцям «Пакроўскага кірмашу» прапанавалі праверыць сваю кемлівасць і «разгадаць» таямніцу кляновага лісточка. А звычайны калаўрот, якім шмат стагоддзяў карысталіся нашыя продкі, знайшоў сваё прызначэнне ў бяспройгрышнай латарэі. Кожны жадаючы падыходзіў, круціў кола і атрымліваў прыз (археалагічныя знаходкі, лялькі-абярэгі, паясы, габелены, паштоўкі, буклеты).

Выстаўка-продаж саламяных вырабаў была падрыхтавана выкладчыкам прыкладнога мастацтва Гомельскай ДШМ Дашкевіч А. М.

Як і абяцалі, у канцы мерапрыемства кожны ўдзельнік свята атрымаў кавалачак смачнага пакроўскага пірага і кубачак духмянай гарбаты.

1144