Яўген Шунейка. Паміж Свіслаччу і Уздзянкай. Развагі над першымі творчымі здабыткамі маладога скульптара Яраслава Філіповіча

Паміж Свіслаччу і Уздзянкай

Развагі над першымі творчымі здабыткамі маладога скульптара Яраслава Філіповіча

Так склалася ў беларускім мастацтве 20 стагоддзя, што большасць яго творцаў паходзіць з малых мястэчак ці вёсак, а Мінск стаў для іх месцам творчага станаўлення і цэнтрам актыўнай прафесійнай дзейнасці.

У апошняй чвэрці мінулага стагоддзя ў сталічных мастацкіх сем’ях нарадзіліся многія здольныя дзеці, якія таксама абралі для сябе, узаруючыся на сваіх бацькоў, няпросты жыццёвы творчы шлях.

Да такіх прадстаўнікоў маладога пакалення скульптараў належыць Яраслаў Філіповіч (1981 г.н.), сын вядомага беларускага жывапісца і педагога Алеся Філіповіча.

Ён пачаў маляваць і ляпіць з дзяцінства, паспяхова скончыў мастацкі ліцэй і потым без перапынку прадоўжыў сваю скульптурную падрыхтоўку ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2000-2006).

Яго дыпломная праца, прысвечаная Святому Валянціну, апякуну ўсіх шчыра закаханых, з’яўляецца ўзорам наватарскага адкрыцця прынцыпова новага рамантычнага героя ў сучаснай скульптуры.

Гэта – сакральны вобраз аскета і пакутніка, які ўслаляў высокія чалавечыя пачуцці, на якіх грунтуецца хрысціянская павага да людзей, міласэрднасць, спагадлівасць, чуласць і інш.

Скульптура, выкананая з вялікага камля дрэва, арганічна звязана з вялікімі традыцыямі барочных разьбяных алтарных кампазіцый, якія змяшчалі шмат вобразных адлюстраванняў святых у выразных мадлітоўных позах.

Сучасная трактоўка Святога Валянціна адрозніваецца значным абагульненнем пластычнага вырашэння формы, адсутнасцю другасных дэталяў.

Святы Валянцін у скульптурным вырашэнні носіць на галаве тыяру, рытуальны галаўны ўбёр высокага ранга святароў. Безумоўна, каханне, якому ён ахвяраваў сваё душпастэрскае служэнне, дастойнае такой епіскапскай ці кардынальскай атрыбутыкі.

У 2008 г. творца выканаў сваю ўдалую кампазіцыю ў бронзе, і яна стала сапраўднай культавай кампазіцыяй для ўсіх закаханых ў пасёлку Смалявічы ля адноўленай каталіцкай святыні.

Скульптару ўдалося захаваць цэльнасць і выразнасць першапачатковага вырашэння ў дрэве, але і больш завастрыць рысы твару, падкрэсліць кантрасты святла і ценю праз гранёнасць культавага адзення, сутанны, што нібы моцныя рыцарскія латы пакрывае фігуру святога.

Малады скульптар доўга і старанна працаваў над запатрабаваным вобразам, не спрабаваў спрасціць для сябе пастаўленую задачу.

Адкуль у мінчаніна, які жыве ў вельмі тэхнакратычным сталічным асяроддзі, такая прага да рукатворнасці і выяўлення імпульсаў вобразнага жыцця ў адвечных скульптурных матэрыялах, такая працавітасць і жаданне давесці распачатую творчую ідэю да манументальнай значнасці?

Несумненна, тут сваю не апошнюю ролю адыгралі сувязі з вясковым жыццём на Міншчыне, дзе непадалёк Узды Яраслаў правёў сваё дзяцінства і перажыў яркія ўражанні ад прыроды, маляўнічага асяроддзя і штодзённых заняткаў па гаспадарцы сваіх дзядоў, многае пачэрпнуў з іх культурных, духоўных, працоўных традыцый.

А гэта вельмі загартоўвае і развівае кожную творчую асобу. Дай Бог, каб гэтае традыцыйнае і свойскае асяроддзе яшчэ многім пакаленням беларускіх мастакоў і надалей дарыла першыя і незабыўныя ўражанні ад жыцця, скіроўвала іх да сапраўдных каштоўнасцей і вялікіх творчых мэтаў.

У 2008 – 2012 гг. Яраслаў уключыўся ў актыўную манументальную дзейнасць як верны дапаможца вядомага мінскага скульптара Уладзіміра Жбанава.

І нават пасля заўчаснага жыццёвага і творчага фіналу майстра здолеў завяршыць яго распачатыя працы, што чакалі свайго ўсталявання на вызначаных пляцоўках. Малады скульптар прайшоў у майстэрні Жбанава выдатную тэхнічную і вытворчую практыку.

А самае галоўнае – удасканаліў свой скульптурны стыль пад станоўчым уздзеяннем сталага калегі і кіраўніка.

Выдатны прыклад іх мастацкага адзінадушша – скульптурная кампазіцыя для фантана "Купалле” ў Маладзечна.

Ідэальныя прастаці аголеных дзяўчыны і юнака ў пэўнага кола "местачковых знаўцаў і эстэтаў” выклікалі (у наш час !) прудэрыйныя прэтэнзіі.

Але праз пэўны час горад будзе ганарыцца такой выдатнай кампазіцыяй, якая ўслаўляе натуральнае хараство чалавека, яго захаваную беларускую сувязь з гуманістычнымі мэтамі і гарманічнымі ідэаламі.

Малады творца вельмі натхнёны такімі скульптурнымі задачамі, пра што сведчыць, напрыклад, яго скульптура "Ветрык” з выявай маладой грацыёзнай дзяўчыны і інш.

Ён таксама не цураецца звяртацца да розных "нестандартных” скульптурных знакаў, сімвалаў, якія, паводле жадання жыхароў розных гарадоў, павінны аздабляць іх працоўныя святы і потым заставацца ў бронзавым выкананні на цэнтральных плошчах як напамін пра сузідальныя дасягненні і адначасова манументальнае аздабленне малой радзімы.

Геаграфія такіх скульптурных знакаў майстэрні Жбанава па добраму уражвае: Ліда,Смалявічы, Маладзечна, Горкі, Магілёў, Мінск, Ніжні Ноўгарад, Даўгапрудны.

Думаецца, што такая тэматыка вельмі патрэбная і для іншых асяродкаў працы і культуры, дзе не заўсёды патрэбны мажныя манументальныя мемарыялы.

Вельмі актуальнай і перспктыўнай бачыцца сувязь Яраслава з рэгіянальнай скульптурнай тэматыкай.

Яго праект помніка байкапісцу Кандрату Крапіве можа распачаць цэлую серыю вобразных вырашэнняў дзеячоў культуры, адукацыі і навукі, мужных ваяроў і дастойных герояў працы, якімі славіцца Уздзеншчына.

Хай натхннне і прага да творчасці і надалей спрыяюць маладому і ўжо вельмі вопытнаму ў сваёй прафесійнай дзейнасці скульптару Яраславу Філіповічу.


прафесар Бела
рускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў,


член Беларускага саюза мастакоў

Яўген Шунейка,

спецыяльна для часопіса "Выток Нёмана. УЗДЗЕНШЧЫНА"









Карані беларускага скульптара Яраслава Філіповіча - на Уздзеншчыне






776