Зоя Калкоўская. ЖЫВЫЯ ВОПЫТУ СКРЫЖАЛІ

       
ЖЫВЫЯ ВОПЫТУ СКРЫЖАЛІ

   Менавіта так называлася мерапрыемства, якое прайшло ў Уздзенскім гісторыка-краязнаўчым музеі 30 верасня і было gрымеркавана да Дня пажылых людзей, якое святкуецца ў нашай краіне 1 кастрычніка і прыцягвае да сябе ўсё большую цікавасць грамадства.


Гэта была сустрэча людзей старэйшага пакалення і школьнікаў раёна. Прысутнічалі і студэнты Уздзенскага ліцэя. Выстава пад аднайменнай назвай была сфарміравана з экспанатаў фондаў музея, кніг і рэчаў запрошаных на мерапрыемства Клаўдзіі Аляксандраўна Булат, Ніны Іванаўны Лятун і Тамары Антонаўны Каляда.


   Першай перад слухачамі выступіла Клаўдзія Аляксандраўна. Яна расказала, якім складаным быў яе лёс, але нягоды не змаглі зламаць яе аптымізм. Дапамагала і надзвычайная працаздольнасць, шматлікія захапленні і, безумоўна ж, любоў. Калі памерлі бацькі, яна клапацілася пра малодшых сясцёр-блізнят, замяніўшы ім і бацьку, і маці.


А былі ж і свае дзеткі. Ды і праца вымагала шмат часу і сіл. Пасля заканчэння тэхнікума некаторы час працавала ў Уздзенскім аддзяленні Дзяржбанка інспектарам па крэдытах, затым эканамістам, начальнікам крэдытнага аддзела, загадчыцай Уздзенскім райсабесам. А са снежня 1981 года – намеснікам старшыні Уздзенскага райвыканкама. Трынаццаць гадоў працавала дырэктарам спачатку філіялаў АКБ "Дукат” і "Белбізнесбанк”.


З 1998 па 2004 год была дырэктарам Уздзенскага малочнага завода. Не толькі працаваць, але і адпачываць Клаўдзія Аляксандраўна навучылася найлепшым чынам. Жанчына памятае асноўны прынцып жыццёвай мудрасці: лепшы адпачынак – змена роду занятку. Стамілася ад арганізацыйна- адміністратыўных клопатаў – затое адпачыла, вышываючы, вяжучы, шыючы…


Вынікі сваіх захапленняў яна з вялікім задавальненнем паказвала прысутным: прыгожыя вязаныя карункі сурвэтак, эксклюзіўныя фартушкі і прыхваткі для кухні, вытанчаныя вышыванкі…


Ды хіба ўсё пералічыш? Адным словам, і сама Клаўдзія Аляксандраўна сваім грацыёзным выглядам і бадзёрасцю настрою, і яе вырабы прывялі ў захапленне гасцей свята. Але гэта яшчэ не ўсё: самым важкім здабыткам свайго пенсійнага жыцця яна не без падстаў лічыць кнігу «Генеалогическое древо нашей семьи».


Тут яна сабрала, сістэматызавала, падагуліла звесткі пра свой род. Кнігу лічыць незавершанай, працуе ў архівах, знаходзіць новых родзічаў і плануе дапоўніць яе цікавымі істотнымі знаходкамі. І гэта не ўсё, чым уразіла Клаўдзія Аляксандраўна прысутных, - яна заспявала так, быццам прафесійная акцёрка завітала да нас у госці.


А яшчэ ж яна кіруе клубам "Безжурботныя”, які аб’ядноўвае ўсебакова таленавітых няўрымслівых людзей пенсійнага ўзросту. Жанчына захапляльна распавяла пра арганізацыю і дзейнасць клуба, пра яго членаў.


   Дзве актывісткі гэтай дабравольнай арганізацыі былі таксама ў гэты дзень гасцямі музея. Тамара Антонаўна Каляда ўжо добра вядома на Уздзеншчыне як таленавітая паэтка, як пазаштатны аўтар шматлікіх цікавых допісаў у раённай газеце "Чырвоная зорка”.


Яна цікава расказала пра сваё жыццё і творчасць, пра своеасаблівае бачанне філасофскіх складнікаў акаляючага быцця. Яе выступленне насіла ярка выражаны выхаваўчы характар і, бясспрэчна, пайшло на карысць школьнікам. Чытала яна і свае незвычайныя вершы, уражваючы свежасцю вобразаў, вытанчанасцю, нечаканай навізною ідэй і трапнасцю рыфм.


Тамара Антонаўна не толькі актыўная ўдзельніца клуба "Безжурботныя”, але і непераўзыдзены майстар афарбоўваць любыя абставіны літаратурнага жыцця раённага творчага аб’яднання "Нёманец” у пазітыўныя колеры нястомнага аптымізму. А яшчэ яна ці не самы актыўны член абласнога клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў "Жывіца”. Увогуле, мала якое мерапрыемства на Уздзеншчыне праходзіць без удзелу гэтай нястомнай жанчыны.


   Здзівіла шматграннасцю сваіх талентаў і Ніна Іванаўна Лятун. Яе аповед пра свае захапленні нікога з прысутных не пакінуў абыякавым. А творамі фларыстыкі, якія жанчына прынесла ў музей на выставу, яшчэ доўга пасля мерапрыемства любаваліся школьнікі, здзіўляючыся арыгінальнасці задумы і яе ўвасаблення.


 Усе пагаджаліся, што ў яе бездакорны мастакоўскі густ і залатыя рукі майстра. Каб стварыць складаныя сюжэтныя карціны-шэдэўры ёй не патрэбны ні пэндзаль, ні фарбы – усё гэта яна бярэ ў прыроды: пяшчотныя пялёсткі кветак, насенне розных раслін, бяроста, шляпкі жалудоў, засушаныя травы і сухацветы…


Ніна Іванаўна ў сваім выступленні падкрэсліла, што каб зрабіць сваім блізкім ці сябрам падарунак, зусім не абавязкова быць багатым матэрыяльна, дастаткова мець творчую натуру і добрае сэрца, якое любіць рабіць прыемнае людзям. І з гэтым нельга было не пагадзіцца.


   Дарэчы, была на мерапрыемстве і дэманстрацыя відэафільма "Дом без адзіноты”, у якім расказваецца пра сумесную дзейнасць Упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і Савета ветэранаў раёна, пра жыццё пажылых людзей Уздзеншчыны. Творчым кіраўніком фільма з’яўляецца Васіль Лычкоўскі, адказным рэдактарам – Алена Шумілава, а аператарам і рэжысёрам мантажа - Раман Сямёнаў.


   Усе ўдзельнікі мерапрыемства выразілі захапленне сустрэчай і ўпэўненасць, што такія святы стануць традыцыйнымі як у музеі, так і ў іншых культурна-адукацыйных установах раёна.


          Зоя Калкоўская, старшы навуковы супрацоўнік Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея

700