Яўген Шунейка. ЭТАПЫ ТВОРЧАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

  

ЭТАПЫ ТВОРЧАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА 

Уздзенскі і Пухавіцкі раёны не проста мяжуюць на адміністрацыйнай карце Міншчыны.

Ужо больш за тры гады паміж уздзенскімі і мінскімі мастакамі, актывістамі праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці”  і Мастацкай галерэяй імя Г. Бжазоўскага пры Пухавіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем існуюць вельмі плённыя кантакты.


Многае тут вызначыла зацікаўленая пазіцыя дырэктара музея Аляксандра Прановіча, дзякуючы збіральніцкай дзейнасці якога, была створана каштоўная калекцыя сучаснага беларускага мастацтва. Па яго запрашэнню ў экспазіцыйнай зале галерэі  персанальныя  выставы ладзілі Ф.Ладуцька,  А.Філіповіч, М.Мішчанка і інш.

Таксама тут ў 2011—2013 адбываліся супольныя выставы мастакоў Мінска і Узды: "Ад Залатой Горкі да Мар’інай Горкі”, "Прысвячэнне Якубу Коласу”, "Беларусь на скрыжаванні 1812 года”, "У гонар 75-годдзя кампазітара Ігара Лучанка”.

Сёлета А.Прановіч прапанаваў М.Мішчанку, Л.Гоманаву, В.Барабанцаву, Ф. Ладуцьку і іншым мастакам папрацаваць у летні час на эцюдах, каб папоўніць яго выдатную калекцыю новымі творамі, дапамог дзеля гэтай мэты  патрэбнымі жывапіснымі матэрыяламі. Такая  прапанова  прыйшлася даспадобы мастакам, якія ў хуткім часе перадалі ад кожнага удзельніка праекта ў пухавіцкі музей па два жывапісных палатна з  летнімі пейзажнымі матывамі, створанымі на Міншчыне.

Але на гэтым праект творчага супрацоўніцтва не вычэрпаўся. У лістападзе 2013 года ў мастацкай галерэі Пухавіцкага музея адбудзецца персанальная выстава Леаніда Гоманава з нагоды яго 60-годдзя з дня нараджэння. А ў сёлетнім снежні – персанальная выстава  Ф.Ладуцькі з нагоды яго 70-годдзя з дня нараджэння. Трэба сказаць, што Фёдар Сяргеевіч родам з Пухавіцкага раёна. Ён нарадзіўся ў вёсцы Махоўка непадалёк Рудзенска.         

2 кастрычніка ён наведаў Мар’іну Горку, перадаў у музей свой новы твор "Дарогі ў полі”, паглядзеў вялікую экспазіцыю ў філіяле краязнаўчага музея ў Блоні (прыгарадзе раённага цэнтра). Гістарычныя і мастацкія каштоўнасці знаходзяцца там у былым палацы славутага шляхетнага роду Бонч-Асмалоўскіх, якія падтрымлівалі рэвалюцыйныя грамадскія ідэі. 


Затым мастак дарогамі дзяцінства павандраваў у родную вёску, доўга затрымаўся ля бацькоўскага дома, на берагах ракі Пціч, рабіў замалёўкі. Несумненна, што гэтыя ўражанні ўзбагацяць яго творчымі ідэямі для персанальнай выставы. Бо жыццё і дзейнасць кожнага мастака – гэта вялікае творчае падарожжа па Беларусі і нават за яе межамі. Але заўсёды ёсць магчымасць вяртацца да свайго вытока - мілага і незабыўнага куточка роднага краю.

Яўген Шунейка, мастацтвазнаўца


Крыніца
691