Новыя мастацкія магчымасці ў міжнародным дыялогу культур


НОВЫЯ МАСТАЦКІЯ МАГЧЫМАСЦІ Ў МІЖНАРОДНЫМ ДЫЯЛОГУ КУЛЬТУР


Яўген Феліксавіч Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар кафедры гісторыі і тэорыі мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў,удзельнік  праекта "Выток Нёмана-выток духоўнасці”


 


У дынамічна распачатых 2010-х гг. жадана дачакаццца больш значных мастацкіх адкрыццяў і здабыткаў у кірунку збліжэння розных творчых цэнтраў у краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі, Афрыкі. Менавіта на гэтых вялікіх кантынентах цяпер адбываюцца вялікія творчыя працэсы перамен, якія нараджаюць новыя вобразныя ідэі ў самых наватарскіх мастацкіх формах.

Беларускае мастацтва не знаходзіцца на перыферыйных пазіцыях у гэтым інтэграцыйным руху. Актыўная гістарычная роля яго сусветна вядомых наватараў ў мінулым стагоддзі і сучасны стан прафесійнага мастацкага развіцця надае гэтаму патрэбны дынамізм.

Сёлетняе 120-годдзе з дня нараджэння Хаіма Суціна, Уладзіслава Страмінскага, 110-годдзе з дня нараджэння Марка Роткі, адкрыўцаў розных мадэрністычных кірункаў, нашых таленавітых землякоў, узорны прыклад раскрыцця мастацкага патэнцыялу творчых асобаў. 


Пра гэта ўжо існуе навукова-папулярная, энцыклапедычная літаратура, нават выдадзены мастацтвазнаўчы зборнік  [ 1, с. 35-44,
с. 62-82, с. 51-61 ]. 

Сучасным  беларускім мастакам ёсць з каго браць прыклад, каб упэўнена сцвярджаць напачатку новага стагоддзя свае лідэрскія магчымасці на міжнародным полі крэатыўнай дзейнасці. Не абаявязкова тут звязваць свае праекты толькі з асобнымі форумамі і фестывалямі, якія гуртуюць творцаў-эксперыментатараў з усяго свету. Напрыклад, селета прадстаўнікі беларускага мастацтва па неўразумелых прычынах не трапілі а 55-е мастацкае Біенале ў Венецыі. Але гэта яшчэ не азначае, што ў  Беларусі ўжо не будзе перспектыў на будучыню дэманстраваць новыя мастацкія ідэі ў міжнародным асяроддзі.

 У нас найчасцей здараецца, што на асабістым інтузіязме, пры дапамозе невялікай суполкі аднадумцаў можна значна больш арганізаваць і дасягнуць патрэбных вынікаў, чым у безнадзейным чаканні нейкага "асаблівага мецэнату” ці "вельмі спрыяльных абставін”. Несумненна, што фармат такіх творчых інавацый можа быць дастаткова камерны, можа нават не мець шырокага водгуку ў масмедыях. Але з часам сапраўднае творчае адкрыццё становіцца шырока прызнаным і знакавым ў гісторыі мастацкіх эксперыментаў. 

Ужо з ліпеня 2012 г.адбываецца шэрг перасоўных выстаў творча-асветніцкага праекта мастакоў з Узды, Мінска і Гродна "Выток Нёмана-выток духоўнасці”, арганізаваных пры падтрымцы Уздзенскага раённага краязнаўчага музея. Яны з поспехам праходзілі не толькі ва Уздзе, але і ў Нясвіжы, Пінску, Салігорску, Навагрудку, Клецку.



Ад Нёманскіх вытокаў - разам


ПАЧАТАК МАСТАЦКІХ ВАНДРОВАК (г.Нясвіж 08.08.2013)


ПАД СКЛЯПЕННЯМІ МУЗЕЯ БЕЛАРУСКАГА ПАЛЕССЯ. РОЗДУМ НА СОТЫМ
КІЛАМЕТРЫ


"Нёманскія перасоўнікі” на зямлі беларускіх шахцёраў. Культурная ініцыятыва робіць цуды


У НАВАГРУДСКАЙ "ПАДЗЕМЦЫ”


Плануюцца і новыя выставовыя маршруты па рэгіёнах Беларусі і за яе межамі, якія дазволяць актывізаваць творчыя сувязі мастакоў з шырокай грамадскасцю.           


Самае істотнае, каб такія творчыя дзеянні былі скіраваны на адкрыццё важнага, але недаравальна забытага; сцвярджэнне духоўных, як ніколі актуальных, але яшчэ па-сапраўднаму не асэнсаваных ідэй; аднаўленне былых культурных сувязей і закладанне падмурку пад зусім новыя, якіх раней не было і да т.п.


У сучасным творчым працэсе нават не абавязкова, як гэта было раней, ўсё маляваць на палатне да завершанага "глянцавага бляску”. 
Часам дастаткова ў лепшых традыцыях канцэптуалізму 1960-х – 2010-хх гг. у агульных рысах, эскізна пазначыць праблематыку, каб кожны мог уявіць яе вобразныя аспекты па-свойму, узбагачаючы магчымасці сваіх крэатыўных уяўленняў. 


Безумоўна, заключнае слова для характарыстыкі мастацкай дзейнасці застаецца за гісторыкамі мастацтва, крытыкамі, журналістамі, якія спецыялізуюцца на культурных падзеях і біяграфіях творцаў-наватараў [2,3].


Нават калі такая патрэбная даследчыцкая інфармацыя з’яўляецца ў друкаваным выглядзе  з пэўным спазненнем, яна не бывае "застарэлая”.  Вельмі заканамерна, што сапраўдныя творцы працуюць з пэўным апярэджаннем часу, больш "на будучыню”, чым для аднадзённых сацыяльных патрэб і да т.п.

Таму з часам іх вобразныя "пасланні нашчадкам” прачытваюцца праз некалькі дзесяцігоддзяў як сапраўднае мастацкае адкрыццё, вартае захаплення, а мастацтвазнаўчыя матэрыялы пра іх жыццё і творчасць як  непараўнальныя па значнасці інфармацыйныя крыніцы.


Прыкладам гэтаму служыць творчасць класіка беларускага мастацтва М.Сеўрука, у нясвіжскім доме-музеі якога усё часцей адбываюцца творчыя сустрэчы з мэтай новага асэнсавання яго спадчыны.



У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ МАЙСТРА

У ТВОРЧЫМ ГНЯЗДОЎІ МАЙСТРА. У ПЛЭНЭРА ЁСЦЬ ПРАЦЯГ

ЧАРОЎНЫ МАСТАЦКІ КУТОК НА ВУЛІЦЫ САДОВАЙ. КОЛЕРЫ НЯСВІЖСКАГА ВЕРАСНЯ


АКАДЭМІЯ МАСТАЦТВАЎ У НЯСВІЖЫ
Cонечны кастрычнік у Нясвіжы. Фотасправаздача


Мастакам можна не сумнявацца ў такіх правераных часам заканамернасцях і натхнёна пашыраць усё новыя творчыя далягляды. Балазе што многае ўжо дасягнута і не трэба пачынаць з нулявой адзнакі. Узорным прыкладам плённых вынікаў міжнародных сувязей з’яўляецца графічная творчасць Г. Паплаўскага, прысвечаная яго індыйскім падарожжам, літаратурным шэдэўрам старажытнай краіны. 

Ён стаў у мінулых дзесяцігоддзях лаўрэатам прэміі Джэвахарлала Нэру і атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Індыі.  Яго актыўнае супрацоўніцтва з Рэспубліканскім таварыствам культурных сувязей з замежнымі краінамі (папулярна кажучы  "Домам Дружбы”) стала для гэтага надзейнай стартавай пляцоўкай.

Мінскі "Дом Дружбы” не стамляецца штогод праводзіць мастацкія выставы, якія узбагачаюць культурныя мерапрыемствы розных грамадскіх таварыстваў, напрыклад, "Беларусь-Літва”, "Беларусь-Карэя”, "Беларусь-Іспанія ” і інш.  (Іх пры гэтым таварыстве налічваецца больш за трыдцаць).


Анатоль Бяляўскі- удзельнік выставы, прысвечаной Хосе  Марці

Па-сапраўднаму ўражвае шырокі тэматычны дыяпазон такіх 
аператыўна арганізаваных экспазіцый. Дзякуючы свайму добраахвотнаму жаданню дапамагчы ў патрэбнай справе, сталыя члены Беларускага саюза мастакоў А.Бяляўскі, А.Батвінёнак, К.Харанека, Л.Гоманаў, В.Барабанцаў, Ф.Ладуцька, нядаўнія выпускнікі  Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў А.Вырва, Г.Конанава-Грыгалец, К.Разанкова, А.Міхаленка, М.Барысенка, М.Эльяшэвіч і інш.  ў сёлетнім сакавіку-кастрычніку наладзілі выставы 
выяўленчай і дэкаратыўнай творчасці, прысвечаныя 40-годдзю аднаўлення мірнага жыцця ў В’етнаме, сувязям Максіма Танка з польскай літаратурай 1930-х – 1980-х гг., 170-годдзю іспанскага пісьменніка-реаліста Беніта Переса Гальдоса і 150-годдзю яго земляка, вялікага мастака-імпрэсіяніста Хаакіна Сарольі і Басціда, 140-годдзю турэцкага паэта Мэхмэта Акіфа Арсоя і  90-годдзю ўтварэння Турэцкай Рэспублікі і
інш.



М.Эльяшэвіч, А.Бабаян, Я.Шунейка – удзельнікі выставы "Мірнае неба В’етнама"


Я.Шунейка.  Тэкстыльная кампазіцыя "У гонар вялікіх іспанцаў"




-------------------------------------

ТАМ, ДЗЕ ШУМІЦЬ ДНЯПРО

ДРУЖБА, ПОДДЕРЖАННАЯ ВРЕМЕНЕМ И ЮНОСТЬЮ

Наталля Валанцэвіч. ПРАСЯКНУЦЦА ДУХАМ НЯСВІЖА

ЦЯЧЭ РАКА ВІСЛА

------------------------------------


Такія мерапрыемствы збіралі шырокае кола прысутных, праходзілі на высокім уздыме агульнай зацікаўленасці і, безумоўна, даюць права беларускім мастакам і надалей развіваць ў сваёй творчасці неабмежаваную міжнародную тэматыку. А падстаў для гэтага хапае: круглыя юбілеі вялікіх асоб, актуалізацыя векапомных гістарычных падзей з пазіцый іх незалежнага сучаснага асэнсавання, знаёмства з мастацкімі здабыткамі першапраходцаў мадэрністычнай творчасці, якія доўгі час былі "ў чорных спісах” і г. д.


Немагчыма не  прыгадаць выставу "Беларускіх парыжан” М.Шагала, Н.Лежэ-Хадасевіч, Я.Любіча, С.Сэрфіна, Я.Зака, М.Кікоіна і інш., якая шэсць месяцаў экспанавалася ў Беларускім нацыянальным мастацкім музеі  (2012 – пачатак 2013 гг.).  Потым яна павандравала ў Віцебск, дзе выклікала не меншы грамадскі рэзананс. 

Раней пра такія праекты немагчыма было б нават марыць. Калі ж яны сталі рэальнасцю сучаснага мастацкага працэсу, неабходна і надалей будаваць далёкасяжныя планы беларуска-французскага творчага дыялогу, пераносіць яго ідэйную скіраванасць  на іншыя заходнееўрапейскія
краіны.


Нашы айчынныя мастакі настолькі эстэтычна выхаваныя на еўрапейскіх узорах прафесійнага мастацтва розных эпох і стыляў, што могуць, як кажуць, у адзін момант падключыцца на любую творчую хвалю і прыняць чынны ўдзел у міжнародных фестывалях мастацтваў, памятных выставах, нетрадыцыйных эксперыментальных праектах і да т.п.

Але ў адрозненні ад творцаў-мігрантаў мінулых часоў сучасным беларускім наватарам не абавязкова пакідаць родную старонку ў пошуках міжнароднага прызнання. Можна і ва ўтульнай мінскай майстэрні працаваць над вобразамі парыжскага ці рымскага жыцця.



Я.Шунейка. Тэкстыльная кампазіцыя да 530 годдзя дзейнасці Леанарда да Вінчы ў Мілане


За плячыма ў мастакоў ўжо столькі далёкіх падарожжаў, сустрэч, адкрыццяў, якія літаральна "просяцца”, каб іх адлюстраваць ў сучаснай вобразнай форме як для айчынных, так і для замежных  гледачоў. Культурнаму заходняму свету далека не абыякавы беларускі мастацкі погляд на яго станоўчыя і праблемныя з’явы. Гэта збліжае, выклікае жаданне далейшага культурнага супрацоўніцтва.


Не менш важны для нас у культурным сэнсе вялікі свет Усходу. Беларусы з вялікім і шчырым захаапленнем успрымаюць традыцыйнае мастацтва Індыі, Ірана, Японіі, Кітая, Турцыі, іншых пазаеўрапейскіх краін.


Напрыклад, "Дні іранскай культуры”  2000-х  гг.  у Рэспубліканскай выставовай галерэі Беларускага саюза мастакоў "Палац мастацтва” сталі пляцоўкай масавых народных сустрэч з традыцыйнымі рамёствамі, з носбітамі фальклору, выяўленчай мастацкай культуры гэтай сучаснай ісламскай краіны з магутнымі гістарычнымі каранямі.


Усіх захапляе іранскі тэкстыль




Цуды іранскай інкрустацыі

На жаль, складаная эканамічная сітуацыя змушае іранскіх арганізатараў часова перапыніць такія папулярныя ў нашай краіне культурныя мерапрыемствы, але іх ранейшае правядзенне пакінула моцнае эстэтычнае ўражанне, стварыла вельмі прыцягальны  імідж  персідскага мастацкага стылю, самастойнага,
незалежнага ад выпадковых уплываў.


Блізкі кантакт з такім вялікім творчым вопытам не можа не ўмацоўваць і лепшыя  здабыткі беларускай нацыянальнай творчасці, выразныя абрысы якой не павінны без патрэбы "размывацца” ў наплыве розных модных "аднадзёнак”, сурагатных штамповак і іншай безгустоўшчыны, народжанай сучаснай мас-вытворчасцю. 


Яшчэ больш паслядоўна і актыўна  набліжаецца да нас хваля далёкаўсходняй культуры. За мінулае двадцацігоддзе з моманту ўсталявання дыпламатычных зносін  паміж Рэспублікай Беларусь і КНР было праведзена вельмі шмат выстаў кітайскага жывапісу, узораў дэкаратыўнай творчасці. Кітайскія майстры традыцыйнага жывапісу і каліграфіі праводзілі бліскучыя майстар-класы для зацікаўленай беларускай моладзі. Такія сустрэчы не забываюцца [ 4 ].



Тэкстыльнае пано на  беларускай і кітайскай мовах у гонар песняроў


На гэтай плённай глебе раптоўна і хутка вырасла творчасць ў стылі традыцыйнага кітайскага жывапісу тушшу выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (2013 г.), гродзенскай
мастачкі М.Эльяшэвіч. 


Яна  не паўтарае класічных кітайскіх матываў, але стварае ўласныя,  праводзіць свае майстар-класы ў розных беларускіх гарадах сярод дзетак і дарослых [5]. Першы поспех яе пачынанняў у нашым грамадстве сведчыць пра тое, што такія творчыя эксперыменты вельмі патрэбныя, калі ў іх выніку  далёкі свет становіцца блізкім.



Калі мастацтва, дзякуючы гэтаму, не ведае межаў, узнікаюць неўзабаве і новыя перспектывы глабальнага паразумення, перавагі сузідальнага над разбуральным і г.д.  


Наватарскіх прыкладаў, мабыць дастаткова, каб абагульніць развагі і назіранні. Мастацтва свету імкнецца да глабальнага збліжэння. У новым дзесяцігоддзі гэта вельмі актуальная творчая задача. Захад і Усход выступаюць цяпер на раўных: хапае наватарскіх ідэй і ўзаемных сувязей.


 Беларускія мастакі ў гэтае пераломнае дзесяцігоддзе пачалі ажыццяўляць розныя мэтанакіраваныя праекты, якія прыадчыняюць перад грамадствам вялікія перспектывы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва, чаго нам усім так не хапала ў недалёкім мінулым.

Таму гэтыя пачынанні неабходна толькі вітаць, падтрымліваць, разумець іх актуальнасць.

Новая глабальная культура дапамагае ліквідаваць "муры самаізаляцыі”, але не можа абысціся без нацыянальных каранёў, без апірышча на вялікія творчыя здабыткі розных цывілізацый, краін, эпох, стыляў перад небяспекай агульнай уніфікацыі і знікнення многіх традыцыйных відаў народнага і прафесійнага мастацтва. 

У беларускіх мастакоў ёсць цяпер вялікая магчымасць і надалей праяўляць свае творчыя здольнасці,  вобразна рэагаваць на многія праблемы сучаснасці, перадаваць сваё бачанне яскравых сусветных прыкладаў культурнай разнастайнасці, быць, як ніколі раней, чуйнымі да ўсяго актуальнага, прыгожага, прагрэсіўнага.


Мэта гэта вельмі дастойная, а задачы для яе дасягнення разлічаны на многіх паслядоўных і мэтанакіраваных творцаў.        

                                                    


Спіс выкарыстаных крыніц

 1. Шунейка Я. Праспект Незалежнасці. Нарысы. – Мінск: Галіяфы, 2012


2. Прокопцова В. Павел Маслеников. Портрет художника в зеркале времени. – Минск: Мастацкая літаратура, 2012


3. Гваздзёў С. Крэскі да партрэтаў мастакоў з Заходняй Беларусі. Нарысы. – Мінск: Галіяфы, 2013  


4. Шунейка Я. Ф.Выстаўкі сучаснага кітайскага мастацтва ў Мінску /  Актуальные проблемы мировой художественной культуры. Материалы  Международной научной конференции. Гродно,5-6 апреля 2012 г. Часть 2. – Гродно:  ГрГУ им. Я.Купалы,
2012 . – с.223-228
 


5. Стех-Санкевич И. Тушью по шелку/  Вечерний Минск. – 11.11.2012.
– с.7 


Счетчик посещений Counter.CO.KZ - бесплатный счетчик на любой вкус!

671