На зямлі выдатных асобаў і векапомных здарэнняў



НА ЗЯМЛІ ВЫДАТНЫХ АСОБАЎ І ВЕКАПОМНЫХ ЗДАРЭННЯЎ


Можна толькі здзіўляцца нашай пэўнай недаінфармаванасці. Мы кожны дзень пра нешта даведваемся, пра што не мелі яшчэ ўчора ніякага паняцця.


Не, рэч ідзе не пра далёкія галактыкі, а пра нашу блізкую і ўсім вядомую (і невядомую) Міншчыну. Ізноў для сябе нешта нечакана пазнаеш, калі ў чарговы раз  узнікае праект арганізацыі выставы ў якім-небудзь раённым цэнтры сталічнай вобласці. 

Вельмі аператыўна мастакі, удзельнікі асветніцкага праекта "Выток Нёмана – выток духоўнасці” збіраліся правесці супольную выставу "Ад Нёмана да Лані” ў экспазіцыйнай зале Музея гісторыі Клеччыны. 


Адразу ўлакладнім: гэты цудоўны па сваёй краязнаўчай, гістарычнай, культурнай значнасці музей знаходзіцца ў горадзе Клецку, праз які павольна нясе свае ад палескіх вытокаў воды  рака Лань.

Апрача таго ў Клецку захаваўся без асаблівых змяненняў амаль у цэнтры горада вялікі пагорак, акружаны з усіх бакоў глыбокім ірвом, з якога горад пачынае з 1127 г. сваю сярэднявечную гісторыю.


Нягледзячы на тое, што такі унікальны помнік яшчэ не занесены ў ахоўныя спісы, мастакі адразу  адзначылі яго як выключны гістарычны рарытэт і зрабілі свае памятныя здымкі на яго велічным фоне.


Некалькі крокаў і ізноў фотасесія на фоне непаўторнага па прыгажосці будынка 1906 г. з чырвонай цэглы ў стылі гістарызму. Кожны з адкрыўцаў клецкіх каштоўнасцей марыць цяпер, што неўзабаве гэты ўзорны аб’ект архітэктурнага будаўніцтва стане Міжнародным  культурным цэнтрам, у якім будзе месца для мастацкіх экспазіцый самага рознага фармата.


На сёняшні дзень  выставы ладзяцца ў будынку дастаткова невялікага, але ўтульнага музея, заснавальнікам якога быў выдатны краязнавец і педагог Дарафей Чорны (1924-1997). Дзякуючы яго намаганням і многіх яго аднадумцаў, і вучняў, музей быў пабудаваны пры дапамозе грамадскасці і адчыніўся для наведвальнікаў у 1979 г.


Вядома, што ў такім месцы выстаўляць свае творы – вялікі гонар. Гонар таксама хадзіць па зямлі, дзе яшчэ не згасла памяць і пра рэфарматара XVI ст. Мікалая Чорнага з роду Радзівілаў, які запрасіў сюды філосафа-гуманіста Сымона Буднага.


Пра гэта і пра многае іншае, што звязана з Клеччынай ад сівой даўніны да сучаснасці, яшчэ будуць створаны мастацкія вобразы. Неабходна хоць на кароткі час апынуцца ў гэтым вельмі ціхім і натуральным асяроддзі, каб адразу пачалі нараджацца новыя творчыя ідэі. 


Выставу, якая адчынілася 13 лістапада і будзе экспанавацца ў згаданым музеі на працягу месяца, можна лічыць пачаткам знаёмства клецкай грамадскасці з тымі мастакамі, якія ў стане паслядоўна адлюстроўваць рэгіянальную краязнаўчую тэматыку  ў розных відах выяўленчай творчасці. 


Леанід Гоманаў і Андрэй Лычкоўскі адразу падаравалі музею свае жывапісныя краявіды, каб замацаваць самыя цёплыя сяброўскія сувязі. Творчых гасцей з Узды і Мінска вельмі цёпла віталі дырэктар музея Марына Бабко, навуковы супрацоўнік Вольга Лабажэвіч і іншыя прадстаўнікі невялічкага але працавітага калектыву.  


На адкрыцці выставы прысутнічалі і прымалі актыўны ўдзел у абмеркаванні  экспазіцыі настаўніца беларускай мовы і паэтэса Вольга Дзянісава, бібліятэкар Алена Войцік і інш. Было вельмі шмат розных аматараў беларускага мастацтва.


Педагог Таццяна Матусевіч прывяла на адкрыццё выставы сваіх выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва, для якіх такая сустрэча з прафесійнымі мастакамі, мабыць, падштурхне ў выбары будучай прафесіі.  Сапраўды, было на што паўзірацца і чаму павучыцца.


Леанід Гоманаў захапіў увагу прысутных сваімі срабрыстымі пейзажамі з матывамі драўляных хатак, хлевушкоў, лазняў. Ён не стамляецца ствараць прыродны цыкл, дзе кожнае
дрэва, рукатворная пабудова, хмарка на небе – вялікая жывапісная rаштоўнасць.


Яго аднадумцы ў такім бачанні пейзажных даляглядаў – Мікалай Мішчанка, Фёдар Ладуцька, Андрэй Лычкоўскі, Алесь Філіповіч.


Яны гэта сцвярджаюць з пэндзалем і фарбамі кожны па-свойму, але ў адным рэчышчы шчырага захаплення роднымі для сэрдца мясцінамі.


Пейзажысты ўжо на адкрыцці выставы паведамілі гаспадарам музея, што ўбачылі ў Клецку і навокал яго столькі маляўнічых куточкаў, што абавязкова арганізуюць сюды рэгулярныя плэнэрныя маршруты, падключаць сваіх калег, бо усім жадаючым можна знайсці на зямлі з багатым гістарычным мінулым свой запаветны матыў.


А музейшчыкі ўпэўнена паабяцалі, што праблем з арганізацыяй такіх шматразовых творчых мерапрыемстваў не  будзе. 


Вельмі зацікавіла гледачоў і экспазіцыя графікі. У.Рынкевіч, які ўпершыню прымае ўдзел у такой супольнай выставе, прапанаваў гледачам свае шматасацыятыўныя акварэлі "Брэтань”, "Гняздо”, "Пастушок”.  Яны былі ўспрыняты з вялікім разуменнем і захапленнем. Бо не толькі сталічныя эстэты чакаюць ад сучаснага мастацтва арыгінальных і смелых творчых вырашэнняў.

Марына Эльяшэвіч прысвяціла свае творы ў тэхніцы акварэлі і тушы на рысавай паперы хатнім жывёлам і птушкам, як бы пашыраючы кола вобразаў, што пачынаюцца з радкоў народнай песні "…паршучок пад лаўкаю бульбачку грызець”.
У яе творах чырвоны пеўнік сустракае раніцу, а сівы конь з белай грывай чакае свайго гаспадара.

Яраслаў Філіповіч заінтрыгаваў наведвальнікаў музея сваёй міні-скульптурай "Моцны гарэшак”.  Пачуліся меркаванні, што ён з’яўляецца сімвалам таямніцы нашай яшчэ вельмі невядомай гісторыі. Такім чынам, ад аўтара патрабуецца працяг такой загадкова-сімвалічнай тэматыкі,  а, магчыма, і прыадкрыццё многіх яе таямніц.

Вельмі парадавала ўсіх таксама тэкстыльная кампазіцыя "Уладарка падземных бульбасховішчаў”, прысвечаная  самаму папулярнаму прадукту харчавання ў выглядзе архаізаванай жывой істоты ў атачэнні ёй падобных "падданых”. 

Адразу ўзніклі думкі правесці ў наступнай восені творчае свята "Арт-бульба”, на якім будзе весяліцца ўвесь Клецк. У праграме свята – мастацкая выстава, частаванне бульбянымі дранікамі, клёцкамі і да т.п. 

Словам, адкрыццё выставы пераўтварылася ў вольную пляцоўку калектыўнага фарміравання новых ідэй пра больш інтэнсіўнае мастацкае адкрыццё Міншчыны.

Дзеля гэтага варта было наладзіць выставу ў гасцінным і маляўнічым Клецку.             


Мастацтвазнавец і ўдзельнік выставы Яўген Шунейка.

++++++++++++++++++
счетчик посещений
++++++++++++++++++

Прикрепленный файлРазмер
НА ЗЯМЛІ ВЫДАТНЫХ АСОБАЎ І ВЕКАПОМНЫХ ЗДАРЭННЯЎ.pdf7.35 Мб


Афіша выставы "Ад Нёмана да Лані"
Дырэктар "Музея гісторыі Клеччыны"  Марына Бабко
 Расповед мастацтвазнаўцы Я.Шунейкі
Гледачы_1
Гледачы_2
Падарунакі для музея..
Гледачы_3
 Падарункі ад музея..
Гледачы_4
Некалькі пытанняў ад Вікторыі Ермалаевай, газета  “ДА НОВЫХ ПЕРАМОГ”
Гледачы_5
 Аб мастацтве і не толькі...
 На добрую памяць..
Педагог Таццяна Матусевіч прывяла на адкрыццё выставы сваіх выхаванцаў студыі выяўленчага мастацтва
 Беларуская прыгажосць...
 Падрастаючая змена
Інфармацыя аб удзельніках выставы. А.Лычкоўскі
Інфармацыя аб удзельніках выставы. М.Мішчанка
Інфармацыя аб удзельніках выставы. Л.Гоманаў
Інфармацыя аб удзельніках выставы. Я.Шунейка
Інфармацыя аб удзельніках выставы. Ф.Ладуцька
Інфармацыя аб удзельніках выставы. М.Эльяшэвіч
Інфармацыя аб удзельніках выставы. А.Філіповіч
Інфармацыя аб удзельніках выставы. Я.Філіповіч
Інфармацыя аб удзельніках выставы. В.Рынкевіч





® а также