Да 120-годдзя з дня Народзінаў Апалінара Пупко

12 лістапада адбылося ўшанаванне памяці слыннага разьбяра па дрэве Апалінара Пупко. Удзельнікі імпрэзы сустрэліся ў івянецкім музеі традыцыйнай культуры, дзе азнаёміліся з экспазіцыяй твораў майстра, а таксама з жывапіснымі працамі прапраўнучкі Ксеніі Высоцкай, студэнткі Познаньскай акадэміі мастацтваў.
Потым наведалі сядзібу-музей Пупкаў. Усклалі кветкі і запалілі памінальныя знічкі на магіле маэстра.
На заключнай навукова-практычнай канферэнцыі, якая адбылася ў местачковай бібліятэцы, абмеркавалі ролю майстра ў развіцці нацыянальнай культуры, падзяліліся ўспамінамі аб творцы.
Творчая спадчына Апалінара Фларыянавіча Пупко (12.ХІ.1893 – 18.ІV.1984) ўжо належыць гісторыі і ўяўляе неацэнны пласт духоўнай і матэрыяльнай культуры нацыі. Івянецкая зямля дала Беларусі выбітнага творцу – носьбіта найкаштоўнейшых, глыбінных традыцый народнага разьбярства, самабытнага мастака-жывапісца, адмысловага графіка. Будучы прадстаўніком Рэнесансу беларускай культуры пачатку ХХ стю, ён усёй сваёй творчасцю аддана служыў ідэі беларушчыны, таму, яго працы знаходзяць жывы водгалас у сучасным працэсе развіцця народнага мастацтва.
Ён паходзіў з вядомага роду Пупкаў, які славіўся сваімі патомнымі майстрамі-мулярамі, ганчарамі, разьбярамі, чырвонадрэўшчыкамі. З малаком маці ўвабраў у сябе дух таго творчага асяроддзя, што быў уласцівы Івянцу, як буйнейшаму цэнтру народнага мастацтва, росквіт якога прыпадае на дзіцячыя і юнацкія гады Апалінара. Усё яго доўгае і плённае жыццё прайшло ў мястэчку, за выключэннем двухгадовай вучобы ў прыватнай гімназіі ў Менску ды нешматлікіх вандровак у Вільню разам з братам Вацлавам, які друкаваў свае допісы ў “Нашай Ніве” пад псеўданімам “Хвэлька з Івенца”.
Прафесійнай мастацкай адукацыі Апалінар не атрымаў, але дадзены богам талент патрабаваў самавыражэння праз мастацкія вобразы. З дзяцінства з вялікай асалодай ён піша эцюды родных краявідаў акварэллю, лепіць з гліны, рэжа па дрэве, робіць малюнкі каляровымі алоўкамі.
Пасля заканчэння Івянецкага Чатырохкласнага гарадскога вучылішча яму давялося паспытаць хлеба з працы рахункавода. Затым выкладаў маляванне ў школе, кіраваў выяўленчым гуртком пры Доме піянераў.
Бацькоўская хата была для яго акадэміяй жыцця, тут сфарміраваўся яго творчы і грамадзянскі светапогляд. Фасад хаты – музея ўпрыгожаны разьбянымі карнятыдамі і ліштвамі. Побач узвышалася манументальная брама: на слупах-вушаках – рэльефныя выявы гусляра і жняі, над стрэшкай – аб’ёмная фігура арла з распрасцёртымі крыламі, па цэнтры сіметрычных створак – дэкаратыўныя галовы ільвоў.
Уваход у веранду аздоблены рэльефамі сейбіта і местачковай мадонны з неўмаляцем на руках. Шыбы, размаляваныя дэкаратыўнымі расліннымі букетамі пад вітраж. У самой верандзе усё было застаўлена скульптурамі і завешана жывапіснымі пейзажамі.
Сенцы-гасцёўня нагадвалі фонды музея, дзе можна было сустрэць культавую уніяцкую скульптуру ХVIII стагоддзя.
Сцены і столь залы ўпрыгожаны роспісамі на гістарычную і міфалагічную тэматыку. Арганічна ў інтэр’ер упісаліся каміны, выштукаваныя з рэльефнай кафлі ХІХ ст. і разбяныя творы Апалінара.
Працы маэстра захоўваюцца ў музеях Мінска, Раўбічаў, Маладзечна і прыватных зборах. А ў Івянецкім музеі традыцыйнай культуры адведзена асобная зала пад экспазіцыю твораў А.Ф. Пупко.
Дзякуючы намаганням дачкі, якая вярнулася ў Івянец, на сядзібе ствараецца прыцягальны музей для наведвальнікаў.
Алег Раманоўскі, Івянец 2013

Фотаздымкі з мерапрыемства можна убачыць тут -> http://kraj.by/volozhin/news/sobitiya/-samabitnaga-razbyara-pa-dreve-a-p...

Настройки просмотра комментариев

Выберите нужный метод показа комментариев и нажмите "Сохранить установки".


® а также