У Музеі ткацтва пасеялі лён

17 мая ў Музеі ткацтва прайшло мерапрыемства, прымеркаванае да Дня сям’і (15 мая). Наведвальнікі, якімі сталі бацькі з дзецьмі, сумесна пасеялі на падворку лён, што з глыбокай старажытнасці з’яўляецца асноўнай сыравінай для вырабу тканіны.
Музей ткацтва ўжо даўно стаў тым месцам, дзе чалавек спасцігае гісторыю, самабытную культуру свайго народа не толькі праз аповед, але і праз актыўны ўдзел у святах, мерапрыемствах, творчых сустрэчах. І менавіта суботні выхадны дзень з’яўляецца яркім пацвярджэннем гэтаму. Першакласнікі СШ № 16 г. Полацка, разам са сваёй настаўніцай Князюк Ірынай Віктараўнай і бацькамі прыйшлі ў музей за новымі ведамі, уражаннямі. У выніку кожны з іх атрымаў порцыю карыснай інфармацыі пра вырошчванне і апрацоўку лёну, крыху працоўнага вопыту. Узнагародай за працу для маленькіх гасцей сталі гульні, забавы, а таксама магчымасць зрабіць для сябе, сваёй сям’і ляльку-абярэг з тканіны. Да гэтай справы з вялікім задавальненнем далучыліся і дарослыя. Сустрэча ў музеі атрымалася цікавай, карыснай і па-сямейнаму цёплай.
Выказваем падзяку ўсім, хто ў гэты дзень наведаў мерапрыемства, асабліва надзейнаму сябру музея Лысенка Ніне.

678