Выстава “Насустрач Свіслацкаму краю”

10 красавіка ў Свіслачы адбылося цудоўнае мастацкае свята. У гісторыка-краязнаўчым музеі была адчынена новая выстава жывапісу і графікі пад дэвізам “Насустрач Свіслацкаму краю”. Яе ўдзельнікі – сябры суполкі “Абуджэнне” Андрэй Лычкоўскі, Фёдар Ладуцька, Уладзімір Сайко і Яўген Шунейка. Яны з’яўляюцца ініцыятарамі перасоўных мастацкіх выставаў, якія ўжо не першы год экспануюцца ў гарадах і раённых цэнтрах Беларусі.
Летась яны сустракалі вясну ў Крычаве, сёлета – прыехалі ў Свіслач. Іх прыемна ўразіла шчырая гасціннасць Свіслачан. Цудоўнае надвор’е спрыяла іх творчай працы, мастакі-“абуджэнцы” малявалі да адкрыцця выставы гарадскія матывы з Свіслацкай гімназіяй, з адлюстравваннямі парка Тышкевічаў. Цікава было назіраць за працай пейзажыстаў, з якой легкасцю і надхненнем яны малявалі з натуры.
Адкрыццё выставы аб’яднала і сталічных гасцей, і маладых мастакоў разам з іх настаўнікамі Стяпанам Чудакоўскім, Аленай Шыдлоўскай і Наталляй Пучкінай з Свіслацкай школы мастацтваў. Мастак Уладзімір Сайко вельмі шмат распавядаў пра свой гістарычны твор “Мужыцкая праўда”, прысвечаны паўстанцам 1863 года і К.Каліноўскаму. Ён, можна сказаць, завяршыў жывапісны твор у свіслацкім музеі, бо на месцы з натуры ўзбагаціў яго кампазіцыю адлюстраваннем харугвы паўстанцаў, якая знаходзіцца ў музейнай экспазіцыі.
Побач з маляўнічымі пейзажамі з розных куткоў Беларусі мастакі выставілі да вялікай радасці наведвальнікаў вынікі свайго ранішняга плэнэра. Можна было пазнаць на пейзажных творах родныя мясціны і адчуць гонар, што дадзена лёсам жыць у такім прыгожым і гістарычна слаўным горадзе. Напрыклад, Свіслацкая гімназія ХІХ ст. была буйным асяродкам адукацыі ў рэгіёне і выпусціла ў свет вельмі шмат дастойных патрыётаў і культурных дзеячоў. Гэтай тэматыцы былі прысвечаны творы мастакоў.
Пасля адкрыцця выставы мастакі правялі майстар-клас, на якім малявалі партрэты прысутных, вучылі сваіх маладых мастакоў-пачаткоўцаў сакрэтам алейнага жывапісу пры напісанні нацюрмортных пастановак з натуры. Удзельнікам і наведальнікам было цікава і весела, бо сапраўднае мастацтва прыносіць радасць, натхненне і жаданне жыць і тварыць на карысць роднаму краю. Няма сумненняў, што творчыя сувязі мастакоў-“абуджэнцаў” з іх новымі свіслацкімі сябрамі будзе мацавацца і прыносіць вялікі культурна-асветніцкі плён.

Людміла Жук, навуковы супрацоўнік УК “Свіслацкі гісторыка-краязнаўчы музей”



® а также