Арт-праект «ЧЫСЦІНЯ І ГІГІЕНА»


Аўтары: Таццяна Кандраценка, Жанна Капуснікава, Ілона Касабука, Зоя Луцэвіч, Таццяна Радзівілка, Галіна Раманава, Кацярына Сумарава, Алена Толабава, Алена Шлегель, Марта Шматава, Вольга Сазыкіна з ўдзелам студэнтак БДАМ Ганны Маршавай і Кацярыны Міхнюк.
Куратар – Марта Шматава.

Праект «Чысціня і Гігіена» прысвечаны працэсу ачышчэння ад лішняга.
Кажуць, што чысціня – гэта нешта недаступнае розуму, што існуе само па сабе, праяўляецца як недасягальны ідэал альбо атаясамліваецца з дзяцінствам.
Гігіена – наадварот, паняцце са свету дарослых, часам агрэсіўнае, казённае і пагражальнае.
Гэтыя два паняцці, пастаўленыя побач, ствараюць своеасаблівую амплітудуаўтарскіх выказванняў адзінаццаці мастачак.
Ад адваротнага, так званага цёмнага боку чысціні, калі чыстае ўспрымаецца як пустое ці мёртвае – да сапраўды светлага яе боку, калі чысціня ўспрымаецца, як нешта ідэальнае, ачышчальнае і ўзнёслае.
Ад дазнанняў, дапытванняў, умяшальніцтваў – сямейных, грамадскіх, адміністрацыйных, цэнзуры і самацэнзуры – да адсутнасці фальшы і бруду, таго, што звычайна разумеюць пад выразамі «чысты гук», «чысты колер», «чыстае пачуццё».
Каб выявіць, раскрыць сутнасць гэтых паняццяў і ўсвядоміць здольнасць іх да падмены адно аднаго і хлусні, неабходна час ад часу здзьмухваць з іх пыл.
Праект «Чысціня і Гігіена»- своеасаблівы маятнік паміж гэтымі паняццямі. Гэта не мерапрыемствы гігіены ў літаральным сэнсе, а пошук першаснага, ідэальнага, незамутнёнага і незасмечанага вобраза.
У рамках персанальных праектаў закранаюцца пытанні маральнай чысціні, гігіены памяці, глыбіннай экалогіі, непатрэбных людзей, працэсаў ачышчэння ў культуры.

115