Выстава сучасных ікон «Апакаліпсіс»


Выстава сучасных ікон “Апакаліпсіс” падрыхтавана па выніках працы Міжнародных майстар-класаў іканапісу ў г. Навіцы (Польшча) у 2016 г. і прадстаўлена ўвазе полацкіх гледачоў дзякуючы супрацоўніцтву Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Польскага інстытута ў Мінску.

Навіцы — горнае паселішча ў Малапольскім ваяводстве Польшчы, паблізу мяжы са Славакіяй. Міжнародныя семінары па іканапісу праходзяць тут з 2009 года па ініцыятыве арганізатара арт-праектаў Матэвуша Соры (Варшава) і загадчыка кафедры сакральнага мастацтва Львоўскай нацыянальнай акадэміі мастацтваў прафесара Рамана Васіліка. Падтрымку арганізатарам аказвае майстэрня Віктара Доўнара Ikonique (Мінск). Майстар-класы збіраюць удзельнікаў з Польшчы, Славакіі, Украіны, Беларусі.

Асноўнай адпраўной кропкай для ўдзельнікаў VIII міжнароднага іканапіснага пленэру ў Навіцы стала тэма Апакаліпсісу, разгорнутая ў тэкстах кнігі Адкрыццё св. Іаана. Больш за 30 мастакоў-іканапісцаў з Украіны, Беларусі і Польшчы імкнуліся ў сваёй творчасці дасягнуць няпростай мэты – дакрануцца да таямніцы і вышыні Боскага горняга свету, апусціцца ў змрочныя бездані Пекла і стаць відавочцамі перамогі дабра і праўды над злом.

Запрашаем наведаць выставу сучасных ікон, якая працуе ў Мастацкай галерэі па адрасе: вул. Стралецкая, 4А-4, г. Полацк.
Тэлефон для справак: 42-36-32