«МУЗЫЧНЫЯ СКАРБЫ БЕЛАРУСІ». 2 верасня ў канцэртнай зале Сафійскага сабора выступіць вядомы беларускі калектыў «Кантабіле»

2 верасня ў Полацку будзе святкавацца Дзень беларускага пісьменства, прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. У 1517 годзе наш славуты зямляк, асветнік і гуманіст Францыск Скарына надрукаваў у Празе першую беларускую кнігу – «Псалтыр». Мерапрыемствы пройдуць разам са святкаваннем 1155-годдзя горада Полацка.

З нагоды гэтай падзеі ў канцэртнай зале Сафійскага сабора выступіць вядомы беларускі калектыў «Кантабiле», які ў гэты дзень адкрые ХХХV канцэртны сезон святочнай праграмай «Музычныя скарбы Беларусі». «Кантабiле» сапраўды можна лічыць «брэндам» класічнай музыкі Беларусі. Асаблівым гонарам ансамбля з’яўляецца той факт, што ён стаў першым у Беларусі, хто выканаў у нашы дні музыку знакамітага «Полацкага сшытка» – унікальнага помніка музычнай культуры XVI-XVII стагоддзяў. Менавіта ансамбль «Кантабіле» першым выйшаў на сцэну Сафійскага сабора ў 1983 годзе ў дзень адкрыцця канцэртнай залы.

Музыкі прымаюць актыўны ўдзел у папулярызацыі шляхетнай культуры мінулых стагоддзяў, выступаюць на тэматычных гістарычных балях, якія ладзяць рэканструктарскія клубы ў Беларусі, Літве і Польшчы, з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі тэатральна-музычных імпрэз у Нясвіжскім палацы Радзівілаў, займаюцца асветніцкай дзейнасцю.

2 верасня запрашаем усіх аматараў класічнай музыкі і прыхільнікаў творчасці ансамбля «Кантабіле» ў Сафійскі сабор на канцэрт «Музычныя скарбы Беларусі», у якім прагучаць фрагменты з «Полацкага сшытка», творы Мацея Радзівіла, Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Юзафа Казлоўскага, Яна Давіда Голанда. Спецыяльны госць праграмы – салістка Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь і Музычнага Дома «Класіка», лаўрэат міжнародных вакальных конкурсаў Маргарэта Ляўчук (сапрана).

Кошт квітка: 6 руб.

Інфармацыя па тэл.: +375(214)42-51-34, 42-17-51 (каса), +375(29)186-05-40

609