Прэзентацыя зборніка Галіны Загурскай "У месяцовым перламутры"

15 лістапада ў Музеі беларускага кнігадрукавання адбылася прэзентацыя зборніка Галіны Загурскай «У месяцовым перламутры».

Ва ўтульнай зале сабраліся не толькі сябры народнага літаратурнага аб'яднання “Наддзвінне”, рэдактарам і старшынёй мастацкага савета якога з'яўляецца Галіна Пятроўна, але і шматлікія аматары яе творчасці. Нагодай для сустрэчы стала выданне новай кнігі Галіны Загурскай. Атрымалася сапраўднае свята паэзіі! Вершы чытала і сама аўтарка, і яе сябры-наддзвінцы, зноў і зноў здзіўляючы разнапланавасцю яе паэтычнага таленту. Прагучала шмат песень на словы паэткі. З музычным віншаваннем выступалі народны ансамбль «Спадчына», спявачка Ядвіга Аўласенка, мужчынскі вакальны калектыў, а таксама ўдзельнікі народнага клуба «Грай гармонь любімая – Палачаначка». Прычым некаторыя песні прагучалі ўпершыню і сталі прыемным сюрпрызам як для Галіны Пятроўны, так і для ўсіх гасцей. Такой прэм'ерай было выкананне песні «Я хацела быць ветрам у полі...», напісанай Ліліяй Чарняўскай з Наваполацка А вядомы на Полаччыне самадзейны кампазітар Васіль Граноўскі так натхніўся паэзіяй Галіны Загурскай, што напісаў адразу некалькі песень на яе вершы.

605