Міжнародная акцыя “Ноч музеяў 2018” “Машына часу ў Лошыцкай сядзібе”

19.05.2018 18:30
19.05.2018 23:30

Міжнародная акцыя “Ноч музеяў 2018”
“Машына часу ў Лошыцкай сядзібе”

19 мая 2018 г.. 18.30 – 23.30

ПРАГРАМА


18.30 – 19.20

Гасцей свайго маёнтка рады сустрэць гаспадар Лошыцы Ян Янавіч Любанскі. Ён распавядзе пра паўсядзённае жыццё сядзібы, клопаты вялікага маёнтка, а таксама свае планы па далейшаму развіццю Лошыцы.

19.40 – 20.40
“Майскія музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе”

Лошыца Любанскіх стала цэнтрам свецкага жыцця ваколіц Мінска. Часта ў сядзібе праводзілі музычныя салоны, надзвычай папулярныя сярод мінскага дваранства. Музыка ў Лошыцы гучыць па-асабліваму ўрачыста і святочна, дзякуючы выкладчыкам і навучэнцам Мінскага дзяржаўнага каледжа імя М. І. Глінкі і праграме “Майскія музычныя вечары ў Лошыцкай сядзібе”.

19.40 – 20.40
Сядзібныя “petits-jeux” (“маленькія гульні”) XVIII-XIX стагоддзяў

Для аматараў актыўнага вывучэння гісторыі нашы валанцёры падрыхтавалі цудоўную падборку сядзібных гульняў XVIII-XIX стст. На лужку перад сядзібным домам Вы зможаце далучыцца да забаў, за якімі праводзілі час Прушынскія і Любанскія: класікі, бадмінтон, а таксама рыфмы, гульня “у пошту” і шмат іншых гульняў, надзвычай папулярных у свае часы.

20.50 – 21.40
Шабельная цырымонія

Перыяд гісторыі Лошыцы князёў Талачынскіх і Друцкіх-Горскіх прыйшоўся на часы, калі землі Беларусі сталі арэнай еўрапейскіх войнаў. Асаблівае месца ў інтэр’ерах шляхецкіх сядзіб пачала займаць зброя. Стаць сярэднявечным ваяром і папрактыкавацца ў валоданні шабляй Вы зможаце на лужку каля ўваходу ў сядзібны дом.

21.50 – 22.40
Лошыца рэстаўрацыйная

Лошыца падчас рэстаўрацыі вярнула сваю былую веліч. Рэстаўратарамі была праведзена праца па аднаўленню дэкора залаў сядзібнага дома і печаў, якія з’яўляюцца своеасаблівым сімвалам маёнтка. Паглядзець на ўнікальныя прадметы, захаваныя падчас рэстаўрацыі сядзібы і адчуць сябе сапраўдным рэстаўратарам Вы зможаце ў экспазіцыйнай залі “Археалогія” на другім паверсе сядзібнага дому.

22.10 – 22.40
Квэст

Каханне ў Лошыцы былі заўсёды. Заручальны дуб, гісторыя Яўстаха і Ядзвігі Любанскіх – толькі маленькая частка грандыёзнай гісторыі пачуццяў праз стагоддзі. Па гэтай прычыне, мы падрыхтавалі для закаханых пар асаблівы квэст, падрабязна пра які Вы даведаецеся бліжэй да канца “Ночы” ў пані Альжбэты – адной з галоўных дзеючых асоб вечара.

22.40 – 23.30
Танцавальная праграма

Ці можа сядзіба існаваць без танцаў? Мы ўпэўнены, што не! Таму, напрыканцы “Ночы” Вас чакае танцавальная праграма, у межах якой можна навучыцца танчыць як шляхціч ці шляхцянка XVIII-XIX стагоддзяў. Вялікая гасцёўня стане сапраўдным цэнтрам балявання Лошыцкага маёнтка ў гэты цудоўны майскі вечар, дзякуючы польцы, вальсу, контрдансу і іншым танцам тых часоў.

На працягу ўсяго мерапрыемства ў калідоры прысядзібнага флігеля будзе працаваць экспазіцыя “Лошыца савецкая”, дзе Вы зможаце пазнаёміцца з савецкім плакатным мастацтвам, прысвечаным селекцыянерскай справе.

А ў вялікай экспазіцыйнай залі сядзібнага дому свае дзверы адкрые выстава “Куфэрак. Паэтыка моды”, якая пазнаёміць усіх наведвальнікаў музея з Лошыцай Прушынскіх праз вайсковую і свецкую моду пачатку і сярэдзіны ХІХ стагоддзя.





® а также