У Музеі беларускага кнігадрукавання з'явіліся новыя экспанаты


У Музеі беларускага кнігадрукавання з'явіліся два новыя экспанаты – выданні друкарні полацкіх езуітаў. Яны не толькі ўяўляюць сабой узоры мясцовага кнігадруку, але і распавядаюць пра вывучэнне лацінскай мовы ў езуіцкіх навучальных установах.

Адчынілася друкарня пры калегіуме Таварыства Ісуса ў Полацку ў 1787 г., і за трыццаць з невялікім гадоў сваёй дзейнасці (да 1820 г.) яна паспела надрукаваць больш за 500 выданняў самага рознага профілю. Перш за ўсё яна абслугоўвала патрэбы навучальнага працэсу, таму друкавала шмат падручнікаў і іншых навучальна-дапаможных матэрыялаў. Акрамя таго, друкарня выпускала кнігі болей шырокага ўжытку на патрэбы мясцовай грамадскасці: катэхізісы, малітоўнікі і духоўныя практыкаванні і інш. Тут жа пачаў друкавацца першы на беларускіх землях часопіс – «Miesięcznik Połocki» (1818 і 1820 гг.).


«De institutione grammatica lingvae latinae», Эмануэль Альвар, друкарня Полацкага езуіцкага калегіума, 1794 г. Музей беларускага кнігадрукавання, Полацк

Вывучэнне лацінскай мовы складала аснову гуманітарнай адукацыі Ордэна езуітаў. Яна з’яўлялася мовай заходнееўрапейскай навукі і адукацыі, мовай каталіцкай царквы, мовай міжнародных зносін. Веданне і свабоднае валоданне лацінай было неад’емным атрыбутам адукаванага чалавека. Паспяховае навучанне лаціне базіравалася на трох асноўных прынцыпах. Першы: вывучэнне граматыкі лацінскай мовы. У гэтым полацкім студэнтам дапамагаў славуты падручнік партугальца Эмануэля Альвара «De institutione grammatica lingvae latinae» («Аб вывучэнні граматыкі лацінскай мовы», 1794). Створаны ў XVI ст., ён выкарыстоўваўся ў езуіцкіх навучальных установах па ўсёй Еўропе на працягу амаль трох стагоддзяў і толькі ў ВКЛ перавыдаваўся амаль два дзясяткі разоў. Гэтае выданне да нядаўняга часу знаходзілася ў экспазіцыі Краязнаўчага музея Полацка, а цяпер дапоўніла экспазіцыю Музея кнігадрукавання.


«Dictionarium latino-polonicum», друкарня Полацкай езуіцкай акадэміі, 1817 г. Музей беларускага кнігадрукавання, Полацк

Другі прынцып: назапашванне лексічнага багажу, або пашырэнне слоўнікавага запасу. Для гэтага друкаваліся разнастайныя слоўнікі, як напрыклад, «Dictionarium latino-polonicum» («Слоўнік лаціна-польскі», 1817). Выдадзены ў дапамогу студэнтам для лёгкага засваення лаціны, ён быў накіраваны таксама на выпрацоўку правільнасці і чысціні ўжывання лацінскай лексікі. Гэты прадмет – новы набытак музея-запаведніка, пра які мы пісалі раней («Выданне друкарні Полацкай езуіцкай акадэміі з'явілася ў зборы музея-запаведніка»). Сёння ён заняў пачэснае месца ў экспазіцыі Музея.


«Квінт Гарацый Флак. Творы», друкарня Полацкага езуіцкага калегіума, 1803 г. Музей беларускага кнігадрукавання, Полацк

І, нарэшце, трэці прынцып: вывучэнне найлепшых прыкладаў лацінскага пісьменства, чытанне твораў аўтарытэтных антычных аўтараў. З гэтай мэтай друкаваліся тэксты класікаў лацінамоўнай літаратуры, адаптаваныя для школьнага навучання, забяспечаныя каментарыямі. Яскравым прыкладам такога выдання з’яўляецца выдадзены ў друкарні полацкіх езуітаў у 1803 годзе збор твораў Гарацыя з каментарыямі французскага езуіта Жазэфа дэ Жувансі. Разам з двума новымі гэтае выданне ілюструе тагачасную трыадзіную сістэму навучання лацінскай мове.

Запрашаем Вас пабачыць унікальныя полацкія выданні ў экспазіцыі Музея беларускага кнігадрукавання!





® а также