Выстава «Іспанская характарная лялька»


З 1 ліпеня па 8 верасня 2019 г. у Гасцёўні Уладзіслава Галубка

пачынае працу выстава «Іспанская характарная лялька»

з прыватнай калекцыі Святланы Пінчук

 

Іспанскія характарныя лялькі выпускаліся нядоўга і былі вельмі папулярныя ў сярэдзіне 1990-х гг. Іх вытворчасць была засяроджана ў горадзе Оніл ў Іспаніі. Дзесяткі фабрык адначасова выпускалі лялек з пацешнымі тварыкамі, вінілавай галоўкай, устаўнымі вочкамі і мякка-набіваным тулавам. У народзе за імі замацавалі мянушку Gestitos (маленькія крыўлякі), але праз тры гады ў 1997 г. па рашэнні суда яны былі знятыя з вытворчасці як вельмі натуралістычныя (многія дзеці іх баяліся, прымаючы за маленькіх жывых людзей).

На выставе прадстаўлена больш за 300 лялек памерам ад 17 да 70 см., розных рас і ўзростаў з прыватнай калекцыі Святланы Пінчук. Характарныя іспанскія лялькі цудоўныя і вельмі падобныя на сапраўдных дзяцей, капіююць іх міміку і грымасы, маюць валасы. Міміка лялек перадае цэлую гаму пачуццяў і эмоцый – радасць, сум, крыўду, здзіўленне, жах і многае іншае. Тварыкі лялек вельмі спецыфічныя і нагадваюць казачных персанажаў з мультыплікацыйных серыялаў – гномаў, хобітаў, лепрыконаў. Некаторыя лялькі ўмеюць плакаць, казаць, клікаць маму і нават імітаваць смактанне соскі. Эскізы арыгінальнага адзення распрацаваны вядомымі іспанскімі мадэльерамі, таму кожны з персанажаў мае свой непаўторны ўбор.

Шматлікія мадэлі даволі даўно знятыя з вытворчасці, і знайсці іх можна толькі ў прыватных калекцыях, адна з якіх прадстаўлена ў Гасцёўні Уладзіслава Галубка.

 

 

 

Гасцёўня Уладзіслава Галубка

Адрас: г. Мінск, вул. Старавіленская, 14

Без выхадных: з 10.00 да 17.30

Тэл. для даведак: (017) 243 -74-03