Выстава «Азіраючы шлях пройдзены»


З 20 па 30 чэрвеня ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры працуе выстава «Азіраючы шлях пройдзены», прымеркаваная да 80-годдзя з дня нараджэння народнага артыста Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Раеўскага Валерыя Мікалаевіча, арганізаваная сумесна з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы.

Раеўскі Валерый Мікалаевіч нарадзіўся 20 чэрвеня 1939 г. у Мінску. У Магілёве ён скончыў машынабудаўнічы тэхнікум, затым паступіў на гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. А ўжо на наступны год вучыўся ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце на курсе Уладзіміра Маланкіна.

На працягу 35 гадоў, з 1967 года, быў галоўным рэжысёрам і мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы. Творчасць Раеўскага адметная паэтычнасцю, метафарычнасцю, філасофскімі абагульненнямі, спалучэннем выразнай сцэнічнай формы з дакладнай распрацоўкай характараў. Ён стварыў каля 50 спектакляў, сярод якіх – «Апошні журавель», «Радавыя», «Парог», «Князь Вітаўт» і «Чорная пана Нясвіжа» А.Дударава, «Мудрамер» М.Матукоўскага, «Святая прастата», «Трыбунал» і «Пагарэльцы» А.Макаёнка, «Брама неўмяручасці» Кандрата Крапівы, «Апошні шанц» В.Быкава, «Плач перапёлкі» І.Чыгрынава, «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева, «Завеі, снежань» І.Мележа. Па творах замежнай драматургіі паставіў спектаклі: «Бура» У.Шэкспіра, «Тры сястры» А.Чэхава, «Лес» А.Астроўскага і інш.

Доўгі час выкладаў і з'яўляўся прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1976 годзе Валерыю Раеўскаму было прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, у 1998 годзе – народнага артыста Беларусі. Пастаўленыя ім спектаклі адзначаны Дзяржаўнымі прэміямі СССР і БССР. У 2004 годзе за асабісты ўнёсак у развіццё беларускага тэатральнага мастацтва і заслугі ў выхаванні творчай моладзі рэжысёр быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.

 

142