Скарбонка памяці


У музеі «Лошыцкая сядзіба» працуе
выставачны праект «Скарбонка памяці: выстава народнага і
дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва», арганізаваны сумесна з
Беларускім саюзам майстроў народнай творчасці.

Традыцыйная народная творчасць − адзін з найбольш дзейсных
спосабаў самавыяўлення народа, магчымасць заявіць пра сябе ўсяму свету.
Беларусы да сённяшніх дзён захавалі многія віды і формы народнай
традыцыйнай творчасці: разьбярства, ганчарства, кавальства, ткацтва, роспіс,
пляценне з прыродных матэрыялаў.
На выставе прадстаўлена больш за 500 прадметаў сучаснага народнага
дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Артэфакты
сабраны вядомым беларускім этнографам Яўгенам Міхайлавічам Сахутай у
экспедыцыях, праведзеных па ўсёй Беларусі. У 2019 годзе частка калекцыі
была перададзена ў фонды Музея гісторыі горада Мінска.
Многія даўбана-разьбяныя, ганчарныя, плеценыя, каваныя вырабы,
якія экспануюцца на выставе, уражваюць першабытнай суровасцю, прастатой
і магутнасцю формаў. У дэкоры драўлянага і керамічнага посуду,
вышываных і тканых вырабах пераважаюць старажытныя геаметрычныя
матывы, якія маюць даўняе сімвалічнае паходжанне. Да старажытных
таксама адносяцца зааморфныя матывы драўлянай і глінянай пластыкі,
цацак-свістулек.
Сярод найбольш каштоўных і цікавых прадметаў − саламяныя коні,
чаплі і буслы, разнастайнае керамічнае начынне, калекцыя тэкстыльных і
фарфоравых лялек, выцінанка.
Экспанаты, сабраныя на выставе, створаны майстрамі не аднаго
пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі і з’яўляюцца
адлюстраваннем шляху жыцця. За кожным прадметам, за кожным вырабам –
ці жыццёвая сітуацыя, ці шчаслівая сустрэча, ці роздум у адзіноцтве.
Магчыма, і ў наведвальніка яны закрануць запаветныя струны душы,
адгукнуцца радасцю, разварушаць пачуцці і ўспаміны з дзяцінства.

1530