Гісторыя са скрыні. Выстава


Наступіў Новы год. Мы з сумам і радасцю азіраемся назад і разумеем, што імклівы плынь часу пакідае яркія ўражанні, новыя дасягненні і поспехі.

Новы год — гэты час праявы традыцый і звычаяў: мароз і снежныя гурбы, навагодняя ялінка, святочныя ранішнікі з зайчанятамі і сняжынкамі, радасць ад доўгачаканых мандарынаў і вясёлыя сустрэчы з роднымі…

Новы год — гэта яшчэ і трансфармацыя традыцый. Усё радзей і радзей мы сустракаем Новы год з марозам і снежнымі бабамі. Зайчанятак і сняжынак на навагодніх ранішніках замянілі героі сучасных мультфільмаў, фільмаў і камп’ютарных гульняў. А мандарыны ўжо купляем круглы год. У свята з’явіліся новыя фарматы і новыя традыцыі. Сёння ўжо Дзядуля Мароз і мілая Снягурка віншуюць з Новым годам у анлайн фармаце, ялінкі сталі падобнымі на набор святлодыёдных стужак. Кожны Новы год прыносіць нам нешта новае і фаінае.

Гэтай імклівай плыні часу і прысвечаная часовая выстава “Гісторыя са скрыні”, якая пачала сваю працу ў гэтым годзе ў Музеі бітвы за Днепр. На ёй прадстаўлены навагоднія ялінкавыя ўпрыгажэнні, якія сталі сёння ўжо рарытэтам, цацкі якія цэлы год ляжалі ў валізках на гарышчах і толькі некалькі дзён на год ўпрыгожвалі ялінкі і пакоі ў навагоднія і калядныя вечары. Наведвальнікам дэманструюцца пацёртыя, дзесьці надкалотыя шкляныя ўпрыгажэнні, якія належалі сем’ям жыхароў Лоева Германенкаў, Пінчукоў і Карнеяўцоў.

Суправаджальныя тэксты да выставы дазволяць даведацца пра гісторыю і трансфармацыю навагодніх святаў у Лоеве і сямейных традыцый, звязаных з гэтым чароўным часам.

275