Акадэмік Мікалай Нікольскі: жыццё ў гісторыі


Літаратурны музей Петруся Броўкі запрашае на выставу “Акадэмік Мікалай Нікольскі: жыццё ў гісторыі”. Экспазіцыя распавядае пра выдатнага вучонага, які стаяў ля вытокаў стварэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, быў кіраўніком секцыі этнаграфіі і фальклору Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, а пазней узначаліў і сам інстытут. Амаль з самага пачатку стварэння БДУ ён узначаліў кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў, а пасля яе падзелу ў 1938 г. – кафедру гісторыі старажытнага свету.

У 1946 г. Мікалая Міхайлавіча абралі членам-карэспандэнтам Акадэміі навук СССР па спецыялізацыі “старажытная гісторыя, гісторыя Старажытнага Усходу”. Свае шматлікія працы выбітны даследчык прысвяціў пытанням гісторыі рэлігіі і праваслаўнай царквы, бібліістыкі, Старажытнага Усходу, этнаграфіі і фальклору Беларусі.

Першы на тэрыторыі Беларусі ўніверсітэт з’яўляецца і alma mater Петруся Броўкі (паэт скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта БДУ ў 1931 годзе). У 1951 годзе акадэмік М.Нікольскі засяліўся ў дом па адрасе вул. Карла Маркса, 30, кватэра 3. У тым жа годзе наваселле тут справіў і П.Броўка, кватэра № 4 якога размясцілася паверхам вышэй. З гэтага моманту пачалося суседства выкладчыка і выпускніка, абодвух знакавых людзей для беларускай культуры.

На выставе прадстаўлены асабістыя рэчы акадэміка і частка яго архіва, якія раскрыюць нам факты яго біяграфіі. Праз жыццё і працу гісторыка і акадэміка Мікалая Нікольскага мы можам лепш зразумець эпоху, сведкам якой ён быў.

624