"Кватэрнік у дзядзькі Якуба"


Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае 25 лютага 2021 года на творчую сустрэчу з трыб’ют-дуэтам The Apples “Гэй, чулыя сэрцам!” у межах праекта “Кватэрнік у дзядзькі Якуба”.
Чаму гурт называецца менавіта The Apples? Адказ просты! Як кажуць англічане, “An apple a day keeps the doctor away”, што азначае “З'ядай па яблыку ў дзень, і табе не спатрэбіцца доктар”. Гэтая прымаўка найбольш дакладна адлюстроўвае сутнасць творчасці музыкаў з гурта The Apples, бо кожны іх канцэрт дорыць мора станоўчых эмоцый слухачам і зараджае пазітыўнай энергіяй надоўга!
Багатыя вакальныя партыі разам з рэтра-саўндам даюць магчымасць слухачам адчуць сябе сведкамі таго залатога часу рок-н-ролу, калі “лета кахання” адкрыла перад усімі свае музычныя дзверы.
На дадзены момант у рэпертуары The Apples каля сотні старанна падабраных кампазіцый ад лепшых выканаўцаў залатой эпохі рок-н-ролу, разам з сусветнымі рэтра-хітамі поп і рок сцэны сярод якіх пераважаюць тварэнні легендарных The Beatles.
На рахунку калектыву больш за чатырыста канцэртаў у Беларусі і іншых краінах, удзел у найбуйнейшых фестывалях на тэрыторыі СНД, шматлікія здымкі ў тэлепраектах. Музыкі ўдзельнічалі ў міжнародным фестывалі Beatle Week у Ліверпулі (Англія), у межах якога The Apples далі дванаццаць канцэртаў на сцэне легендарнага Cavern Club, дзе калісьці пачыналі свой творчы шлях самі “бітлы”.
Невыпадкова кавер-бэнд The Apples выступіць у Доме-музеі Якуба Коласа. Музыка, як і паэзія, заўсёды знаходзіць патаемныя сцежкі да кожнай душы, творчасць музыкаў і паэтаў ідзе ад сэрца да сэрца, аб’ядноўваючы людзей па ўсім зямным шары.
У доме Міцкевічаў з музыкай заўсёды сябравалі, гучалі і песні гурта The Beatles. Унучка Якуба Коласа Марыя Міхайлаўна Міцкевіч успамінае, як школьніцай і студэнткай спявала іх з братамі і сябрамі і нават падбірала на слых мелодыі на фартэпіяна (асабліва добра гучала ў яе выкананні славутая Yesterday). У брата Андрэя быў свой гурт, яны спявалі каверы, рэпеціравалі ў падвале, і песні The Beatles ім асабліва добра ўдаваліся.
Калі Марыя Міхайлаўна была студэнткай Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, яна нават прыдумала такую цікавую і карысную для вывучэння англійскай мовы забаўку: трэба было выбраць фразу з песні The Beatles і на занятках, калі выкладчык задае пытанне, гэтыя словы неабходна абавязкова ўставіць у адказ, прычым так, каб гучала натуральна і арганічна, і педагог нават не здагадаўся аб дамове паміж студэнтамі. Гэта было няпроста, але так захапляльна! А ў 90-я гады Марыя Міхайлаўна нават пабывала ў Англіі, і ёй удалося стаць госцяй дома, дзе раней жыў сам Пол Макартні!..
На чарговым “Кватэрніку ў дзядзькі Якуба” 25 лютага у выкананні дуэта The Apples прагучаць знакамітыя і любімыя ўсімі хіты The Beatles, Oasis, Red Hot Chilli Peppers, Metallica і іншых гуртоў. Пачатак канцэрта а 18 гадзіне.
Сардэчна запрашаем!
Колькасць месцаў абмежавана.
Тэлефоны для даведак: 270-17-02, 270-10-55
Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5.
Наш сайт: http://kolasmuseum.by.

246