Выстаўка пейзажаў мастака Анатоля Бяляўскага "Натхнёны Коласам"


“Прырода – найцікавейшая кніга, якая разгорнута перад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя надпісы – хіба ж гэта не ёсць шчасце?" – пісаў Якуб Колас у аповесці “У палескай глушы”.

Канстанцін Міхайлавіч вельмі любіў прыроду, жыў у злітнасці з ёй, захапляўся яе з'явамі, прыслухоўваўся да таямніц яе жыцця – загадкавых і неразгаданых. У сваіх творах натхнёны пясняр беларускай прыроды як сапраўдны мастак слова маляваў непараўнальны воблік зямлі і роднага краю. Пад яго пяром прырода пачынае зіхацець мноствам колераў і адценняў.

“Вобразы мілыя роднага краю” натхняюць на творчасць і майстроў пэндзлю. Сярод беларускіх мастакоў, якія цудоўна ўвасабляюць прыгажосць беларускай прыроды, вылучаецца асоба Анатоля Бяляўскага. Галоўнымі рысамі творчасці мастака з’яўляюцца лірызм і цеплыня ўвасаблення яе прыгажосці. Творцу ўдаецца дасканала перадаць каляровую гаму і шматаблічныя дэталі, што робіць яго карціны арыгінальнымі, непаўторнымі. Мастак, як і калісьці Якуб Колас, у простым знаходзіць адметнае, у звычайным – цікавае, а прырода на яго палотнах быццам ажывае.

З пачатку сваёй творчай дзейнасці член саюза мастакоў Беларусі, вядомы творца Анатоль Бяляўскі напісаў каля 3000 карцін! Творчасць Анатоля Іванавіча Бяляўскага добра вядома ў Беларусі. Яго карціны маюць вялікую папулярнасць сярод калекцыянераў, многія з іх знаходзяцца ў вядомых замежных калекцыях. Пейзаж "Ручэй", на стварэнне якога мастака натхніў аднайменны верш Якуба Коласа, знаходзіцца ў калекцыі жывапісу родных Якуба Коласа. А. Бяляўскі працуе ў розных жанрах – пейзаж, партрэт, ёсць карціны з глыбокім філасофскім сэнсам, а таксама на гістарычныя тэмы. Усе працы аб’яднаны любоўю да сваёй роднай зямлі, загадкавай прыгажосцю і толькі яму ўласцівым стылем і почыркам.

Нямала павандраваўшы з мальбертам па Беларусі і іншых краінах свету, Анатоль Іванавіч прызнаецца, што нідзе не сустракаў такой цудоўнай прыроды, як у роднай старонцы.

 Сардэчна запрашаем!

Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02

Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

e-mail: info@kolasmuseum.by

сайт: www.kolasmuseum.by

304