Вайна вачыма мастакоў


Вайна, памяць, хвіліна маўчання…

Страшэнны цяжар выпрабаванняў лёг на плечы нашых продкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гінулі і перабывалі ў нечалавечых умовах існавання, на мяжы жыцця і смерці, мільёны людзей. Большасць загінулых у Вялікай Айчыннай склалі цывільныя асобы (мірныя людзі), закатаваныя ў лагерах смерці, падчас карных аперацый, забітыя пры вядзенні баявых дзеянняў. Нашыя продкі змагаліся за жыццё на фронце ў акопах, за станкамі ў тыле, у падполлі – у гарадах, мястэчках, вёсках, у партызанах – у лясах і балотах, выжывалі пад акупацыяй, пакутавалі ад лютага холаду, голаду і спёкі, знаходзіліся ў заўсёднай небяспецы. Мы маем гэта памятаць, мы маем пра гэта казаць, каб новыя пакаленні рабілі ўсё магчымае для захавання міру на зямлі.

У музейна-выставачным комплексе (вул. Рынкавая, 4) дзейнічае выстава “Вайна вачыма мастакоў”, на якой выстаўляюцца работы мастакоў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Сярод іх – творы М.А. Назарчука, В.П. Шаранговіча, Б.Б. Цітовіча, М.В. Дучыца і іншыя. Мы бачым трывогу, боль, жах, пакуты, смерць, разбурэнне – усё тое, што спадарожнічае вайне. Аднак сустракаем і радасць, весялосць, смеласць, мужнасць, упэўненасць і ўпартасць – адлюстраванне змагання людзей за жыццё і веру ў мірнае заўтра без вайны.

Прыходзьце на выставу, каб выканаць абавязак, які маем перад продкамі і гісторыяй, перад сабой. Абавязак памятаць, спачуваць, быць людзьмі.

Вайна, памяць, хвіліна маўчання…

291