Літаратурнае падарожжа "1.1.1"


“1.1.1” – штогадовы праект-падарожжа, прымеркаваны да дня нараджэння Петруся Броўкі і прысвечаны тром беларускім творцам ушацкага паходжання з заслужаным званнем народны – Петрусю Броўку, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну.

Нас чакаюць бацькоўскія хаты: Рыгора Барадуліна – ва Ушачах, Васіля Быкава – у Бычках, Петруся Броўкі – у Пуцілкавічах. Накіроўваючыся на поўнач Беларусі, маючы за вакном неверагодна прыгожыя краявіды Віцебшчыны, мы атрымаем задавальненне ад вершаў і прозы, якія будуць гучаць нон-стоп у выкананні саміх жа вандроўнікаў.

Першы прыпынак нас чакае ля невялікай, але знакавай крыніцы, якую літаратары называлі “броўкавай”. З успамінаў вядома, што па лепельскай дарозе на родную Ушаччыну ля крыніцы непадалёку ад рэчкі Эса на працягу ўсяго жыцця заўсёды спыняўся Пятрусь Броўка. Гэтую ж добрую традыцыю ён перадаў паэтам і пісьменнікам, якія ездзілі гэтай дарогай дадому, – Алесю Савіцкаму, Генадзю Бураўкіну, Васілю Быкаву, Рыгору Барадуліну і інш. Выдатная магчымасць наталіцца жывой вадой з “крыніцы паэтаў”!

Ва Ушачах пад знакамітым “бацькоўскім вязам” Барадуліна мы зможам шчырым словам узгадаць дзядзьку Рыгора, з ласкі яго ўдавы Валянціны зайсці ў дом, дзе сёння ўсе рэчы памятаюць паэта і нагадваюь пра яго асобу.

Важным пунктам ва Ушачах будуць мясцовыя могілкі, дзе знайшоў вечны спачын Рыгор Барадулін. Мы пабачым валун з высечаным на ім крыжом, які быў пастаўлены па просьбе ў вершы самога паэта ў якасці надмагільнага помніка восенню 2015 года.

У вёсцы Бычкі нас чакае Сядзіба-музей Васіля Быкава, у якой можна ўбачыць унікальныя прадметы, знойдзеныя на месцы бацькоўскай хаты Васіля Быкава. Сярод іх – ліст, дзякуючы якому сястра Быкава Валянціна зразумела, што брат – жывы. Ён быў датаваны пазней, чым пахаронка, якая заўчасна запісала Васіля Быкава ў шэрагі загінулых.

Апошняй кропкай у падарожжы стане загадкавая вёска Пуцілкавічы, дзе нарадзіўся Пятрусь Броўка. Мы пазнаёмімся з адным з нямногіх яе жыхароў – Міхаілам Сысом, які зараз кіруе Хатай-музеем Петруся Броўкі, даведаемся пра музейныя адкрыцці апошняга часу, што зрабілі супрацоўнікі Літаратурнага музея Петруся Броўкі ў Мінску. У шчырай кампаніі добрых людзей абмяняемся ўражаннямі, якія мы атрымаем за цэлы дзень вандроўкі па Віцебшчыне, з’ядзім суп па-ўшацку, паслухаем спевы, патаньчым.

Заявіць пра свой удзел у падарожжы можна па тэлефонах:

(017) 363-97-50; (017) 342-09-81

Ці праз гугл-форму:

https://docs.google.com/forms/d/16ZimIDmTeaEUqdbI2M6i1AcNC7BXasiOBrYFj_V...

Кошт (пераезд аўтобусам) – 25 руб. (аплата толькі наяўнымі).

Магчымы ўдзел на уласным аўтамабілі.

Дадаткова на месцы аплочваецца наведванне экспазіцыі Сядзібы-музея Васіля Быкава – 60 кап. наяўнымі (уваход на тэрыторыю музея – вольны).

ПРАГРАМА

7.45

Збор удзельнікаў на аўтобусным прыпынку перад гандлёвым цэнтрам Dana Moll (ст. метро “Усход”).

8.00-10.40

Пераезд да “Крыніцы паэтаў”.

10.40-11.10

Наведванне “Крыніцы паэтаў”.

11.10-12.00

Пераезд да дома Рыгора Барадуліна. Нон-стоп чытанні.

12.00-13.30

Наведванне дома Рыгора Барадуліна.

13.30-14.30

Кава-брэйк ва Ушацкім раённым доме культуры.

14.30-14.35

Пераезд да могілак, дзе пахаваны Рыгор Барадулін.

14.35-15.00

Ускладанне кветак да магілы Рыгора Барадуліна.

15.00-15.30

Пераезд да Сядзібы-музея Васіля Быкава. Нон-стоп чытанні.

15.30-16.30

Наведванне Сядзібы-музея Васіля Быкава.

16.30-17.30

Пераезд да Хаты-музея Петруся Броўкі. Нон-стоп чытанні.

17.30-20.00

Наведванне Хаты-музея Петруся Броўкі.

Ускладанне кветак да помніка маці Петруся Броўкі Алены Сцяпанаўны.

20.00

Адпраўленне аўтобуса на Мінск.

 

Каб напоўную атрымаць асалоду ад падарожжа, неабходна мець пры сябе:

  1. Добры настрой.
  2. Маска.
  3. Кубак, каб піць з крыніцы.
  4. Талерку з лыжкай, каб паесці суп па-ўшацку.
  5. Кветкі (з крамы, з поля, з лецішча) для ўскладання на магіле Р.Барадуліна і ля помніка А.Броўка.
  6. Вершы П.Броўкі, Р.Барадуліна, урыўкі з прозы В.Быкава, якія вам даспадобы.
  7. Вада, бутэрброды (калі забылі — можна набыць у мясцовай кулінарыі танную выпечку, а ваду набраць з крыніцы).
  8. Рэпеленты (камары ў Пуцілкавічах вельмі любяць свежаніну).
70