1990-ыя. Новыя ўспаміны… / экранная экспазіцыя


Цэнтр дакументацыі культурнай спадчыны Музея бітвы за Днепр
у рамках дзейнасці Музейнага клубу «NL»* прэзентуе праект
 
экранная экспазіцыя
1990-ыя. Новыя ўспаміны…
3 снежня 2021

 

а 18/00 у рамках работы экраннай экспазіцыі — сумесны прагляд і абмеркаванне  кінастужкі “ЭПІЛОГ” (Беларусь, 1994; рэж. Ігар Дабралюбаў, сцэн. Ігар Дабралюбаў, Іван Шамякін)**,***

 

*Музейнае клубнае аб’яднанне “Нашчадкі Лоя”
** Не забудзьце ўзяць свой любімы кубак — якое ж абмеркаванне без філіжанкі гарбаты ці кавы...
***На кінапрагляд з абмеркаваннем уваход вольны

 

1990-ыя — час супярэчлівы, цяжкі і імклівы. Для кагосьці ён застаўся часам “старшным”, часам ліхалецця і голаду, а для кагось гэта быў час, які адкрыў новыя гарызонты і зрабіў магчымымі самыя патаемныя мроі…

І самаму простаму чалавеку, і ўчарашняму чалавеку вялікаму была дадзеная процьма шансаў, але ў наборы яны атрымалі і нястачу, страту колішніх ільготаў, доступу да сацыяльных дабротаў, спецпайкоў дый проста ўпэўненасці не толькі ў блізкай, але і ў далёкай будучыні…

З’явіліся магчымасці і свабода, занядбанасць і разгубленасць…

Нарадзіліся безліч новых праектаў і эксперыментаў, але і штось старое было страчанае дый згубленая…

Што? Чаму? Ці было яно вартае?.. Як мы пра гэта зараз памятаем, як узгадваем і што пра тое думаем?

Так, у 1991 годзе не толькі Беларусь атрымала незалежнасць… Наш малюткі музейчык таксама стаў самастойным — тагачаснае Міністэрства культуры дужа эканоміла і пазбаўлялася рэгіянальных філіялаў. Нас чакаў лёс нялюбага пасынка і з аддзела рэспубліканскага музея стварылі музей раённы…

Цяжкое было жыццё ў тыя эканомныя гады. Калі яшчэ ў 1980-ыя турпаязды вазілі наведвальнікаў тысячамі ў лоеўскі філіял Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то ў 1990-ыя бадай усе пра яго забыліся… Нават квіткі прадаваць было немэтазгодна — пэўны час наведаць муры нашай установы абсалютна легальна можна было задарма.

Затое ідэалагічны ціск заняпаў і, уздыхнуўшы больш шырока лёгкім ды вольным паветрам, на пэўны час можна было адысці ў музейнай рабоце ад ура-патрыятычнага ўсхвалення кіруючай ролі кампартыі ў… у-ва-ўсім…

З’яўляліся новыя тэму ў даследаваннях, ствараліся новыя экспазіцыі і выставы, якія не абавязкова пяялі панегірыкі воінскай доблесці… Па-рознаму стала магчыма распавядаць пра вайну — не толькі пра бравых генералаў, але і пра лёс простых людзей — ваяроў ці партызанаў дый, урэшце, нават пра мірных абывацеляў, якія ні ў якай вайне не ваявалі, але праз лёсы якіх гэтая вайна прайшлася вусенямі танкаў…

А яшчэ можна было распавесці і пра зусім не ваенную гісторыю — даследаваць родны Лоеўскі край, яго слаўную дый прызабытую мінуўшчыну.

Праўда, далёка не ўсе з радасцю ўспрынялі тыя змены ў нашай музейнай рабоце — 1990-ыя гэта ж час дыскусій, спрэчак і абмеркаванняў… Гэта час войнаў мыслення — войнаў бяззбройных, але не заўжды бяскроўных…

 

Узгадваючы тыя ўжо далёкія, але яшчэ даволі блізкія 1990-ыя, мы хацелі бы ў рамках экраннай экспазіцыі “1990-ыя. Новыя ўспаміны…” прапанаваць да прагляду прызабытую стужку Ігара Дабралюбава “ЭПІЛОГ”, сцэнарый да якой ён напісаў разам з Іванам Шамякіным. Фільм, здымкі якога прыйшліся менавіта на пачатак 1990-ых, выйшаў у свет у 1994 годзе. Астатні фільм рэжысёра…

Поўныя трагічнага надлому і бадай паэтычных алюзій і алегорый, героі кінастужкі самы бы людзі-метафары, у якіх можна пазнаць і паэта Янку Купалу, і мастака Міхаіла Савіцкага, і скульптара Заіра Азгура… Героі кінанавэлы сапраўды падобныя на рэальных мэтраў, але толькі падобныя… Фільм — алегорыя… Фільм — прыпавесць… Героі — багемныя мэтры, якія атрымалі “ўсё” ад савецкай улады, але зараз яны ў роспачы, бо стаяць на ростанях… Дый кожны рог-паварот тых ростаняў вядзе ў тупік…

Ёсць, што паглядзець…
Ёсць, што ўзгадаць…
Ёсць, пра што пагаварыць…
 
Цэлы дзень 3 снежня 2021 працуе экранная экспазіцыя і дэманструецца кінастужка “Эпілог”.
А 18/00 сустракаемся, глядзім разам і абмяркоўваем.***
 
*Музейнае клубнае аб’яднанне “Нашчадкі Лоя”
** Не забудзьце ўзяць свой любімы кубак — якое ж абмеркаванне без філіжанкі гарбаты ці кавы...
***На кінапрагляд з абмеркаваннем уваход вольны
21