Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»


Адкрыццё экспазіцыі «Кватэра-майстэрня мінскага краўца»

9 снежня 2021 года

а 14 гадзіне

Другая палова ХІХ ст. – час разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі,  калі на эканамічную арэну выходзяць буйныя фабрыканты і буржуазія, як будучы палітычны апанент апошняй фарміруецца гарадскі пралетарыят. Разам з тым у Мінску жывуць і працуюць тысячы людзей, што зарабляюць на жыццё ручным трудом – кавалі, меднікі, краўцы, шаўцы, пекары, столяры, бондары і г.д. Рамесная вытворчасць працягвае існаваць ў форме цэхавай арганізацыі, вядомай ужо тры стагоддзі, хоць і перажывае заняпад. Капіталістычныя адносіны разбураюць архаічны цэхавы уклад.

Даўно мінулі слаўныя дні, калі атрымаць статус майстра было гонарам для мяшчаніна, а людзі рамесніцкіх прафесій складалі ядро насельніцтва сярэднявечнага горада. Сышоў рамантызм мінулай эпохі: каралеўскія прывілеі і цэхавыя статуты магдэбургскіх часоў былі заменены агульнадзяржаўным расійскім законам – «ремесленным уставом». Прыгожыя расшытыя харугвы, што меў кожны рамесніцкі цэх, з гонарам распраўляючы падчас сходкі майстроў, прыезду ў горад караля, пыліліся пад цяжарам прыходна-расходных кніг і бюракратычных папер.  Нязменнай заставалася толькі цяжкая ручная праца.

Нягледзячы на колькасны рост фабрык і заводаў, менавіта ручная вытворчасць задавальняла патрэбы гараджан і жыхароў ваколіц. Таму з агульным прыростам насельніцтва Мінска, расла і колькасць рамеснікаў, якая цягам другой паловы ХІХ ст. павялічылася ў два разы і ў пачатку ХХ ст. дасягала каля 6 тыс. чалавек. Асабліва шмат сярод іх было шаўцоў, краўцоў: забяспечанасць адзеннем і абуткам ва ўсе часы была адной з галоўных чалавечых патрэбаў.

Традыцыйна рамесніцтвам займаліся яўрэі. Так, па выніках перапісу 1897 г. сярод зафіксаваных у Мінску 4600 рамеснікаў, занятых у вырабе адзення 3500 належылі да яўрэйскай народнасці. Жыццё, побыт, заняткі гэтых людзей, уплеценыя ў гісторыю Мінска, фарміравалі сацыяльна-эканамічны, культурны, архітэктурны вобраз горада – звыклае асяроддзе губернскага горада, але зніклае назаўжды для сучасных мінакоў.

Журба аб страчаным гістарычным цэнтры менчукамі даўно пераўтворана ў спадчыну, што перадаецца ў рэдкіх фотаздымках, а ўсё болей у вобразах, што сілай уяўлення малююць іншы свет: вузкія вуліцы Замчышча, шчыльныя рады рамесніцкіх дамоў-майстэрняў, грукат малатка, роўны гул швейнай машынкі… Натхнёныя гэтымі вобразамі, да 45-годдзя музея, супрацоўнікі музея падрыхтавалі новую экспазіцыю – «Кватэра-майстэрня мінскага краўца».

Прыходзьце ў госці, каб пабачыць, як жыла маладая яўрэйская сям’я майстра-краўца ў к. ХІХ-пач. ХХ стст., пазнаёміцца з прадметамі гарадскога побыту, даведацца, як будаваліся прафесійныя адносіны паміж майстрам і вучнямі, пра сацыяльна-эканамічнае становішча і дабрабыт рамеснікаў напрыканцы існавання цэхавай традыцыі.

9 снежня а 14 гадзіне Давід і Хая Гехціны чакаюць Вас у сваім доме па вул. Уваскрасенскай (тэрыторыя музея, помнік архітэктуры «Дом з вул. Вызвалення, 4»).    

14