Інтэрактыўна-пазнавальная праграма «Калядныя цуды»


У перыяд зімовых свят – з 20 снежня 2021 года па 21 студзеня 2022 года – Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак да ўдзелу ў святочнай інтэрактыўна-пазнавальнай праграме “Калядныя цуды”.
Праграма ладзіцца ў межах экспанавання новай аднаіменнай выставы музея і прысвечана традыцыям святкавання Калядаў на Беларусі.

Удзельнікі праграмы даведаюцца, чаму ў гадавым коле народных абрадаў і свят Каляды займалі першае месца, як варажылі, якія песні спявалі і якія стравы гатавалі на свята іх продкі, пазнаёмяцца з абрадавымі каляднымі гульнямі і забавамі.

Але тое было раней… А зараз? Ці ведаем мы хоць адзін сучасны абрад? Вось мы і прапануем юным наведвальнікам стаць стваральнікамі новага каляднага абраду. Як ён называецца? А гэта мы разам і прыдумаем…
А яшчэ падчас праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі трапяць у “калядную майстэрню”, бо якое ж сапраўднае свята абыходзіцца без хэнд-мэйду? Тут рабяты змогуць праявіць свае творчыя здольнасці і ўласнаручна зрабіць незвычайную елачную цацку-сюрпрыз. Яна стане арыгінальным падарункам для родных і сяброў або паслужыць упрыгожаннем для дамашняй навагодняй хваінкі.

Акрамя таго ўдзельнікаў праграмы чакаюць салодкія пачастункі ад партнёра праграмы - кандытарскай фабрыкі "Красный пищевик".

Да ўдзелу ў калядная праграме запрашаюцца групавыя і сямейныя наведвальнікі малодшага і сярэдняга школьных узростаў.

Працягласць – каля 60 хвілін.

Папярэдні запіс ужо распачаты! Тэл. +375 17 363-56-21.

Вясёлая кампанія, святочная атмасфера, добры настрой і самыя крэатыўныя музейныя супрацоўнікі – усё гэта чакае вас у Літаратурным музеі па адрасе вул. М. Багдановіча, 13!

303